Беларуская Служба

Мяжа з Беларуссю закрытая для беларускіх і расійскіх грузавікоў

01.06.2023 10:20
Гэта спроба ўшчыльнення абмежаванняў, якія раней былі ўведзеныя ў дачыненні да перавозчыкаў з Расіі і Беларусі.
Здымак мае ілюстрацыйны характарmarkusspiske/pixabay.com/CC0

Мяжа з Беларуссю закрытая для грузавікоў, цягачоў, прычэпаў, паўпрычэпаў зарэгістраваных у Беларусі і Расіі. З чацвярга дзейнічаюць узмоцненыя абмежаванні ў грузавых перавозках, мэта якіх – ушчыльненне санкцыі, уведзеных у дачыненні да перавозчыкаў з Расіі і Беларусі, паведамляе старонка banker.pl.

Новыя абмежаванні, якія вынікаюць з пастановы міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюша Каміньскага, гэта «адказ на патрабаванні па ўзмацненні жорсткасці абмежаванняў у дачыненні да расійскіх і беларускіх перавозчыкаў, якія выкарыстоўвалі прычэпы і паўпрычэпы, зарэгістраваныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, у абыход уведзеных у дачыненні да іх санкцый».

Зараз на польска-беларускай мяжы адкрыты адзін грузавы аўтамабільны пераход – Кукурыкі-Казловічы з тэрміналам у Карошчыне. З 21 лютага ён даступны толькі для аўтамабіляў, зарэгістраваных у краінах-членах Еўрапейскага Саюза, Швейцарыі, Ісландыі, Нарвегіі і Ліхтэнштэйне. Аднак дагэтуль праз КПП маглі праязджаць паўпрычэпы, зарэгістраваныя ў іншых краінах, у тым ліку ў Беларусі, калі іх буксіравалі аўтамабілі, зарэгістраваныя, напрыклад, у Польшчы. Новая забарона павінна гэтаму перашкодзіць.

Між тым, у апошні панядзелак кіраўнік МУС прыняў рашэнне аб уключэнні ў санкцыйны спіс 365 прадстаўнікоў беларускага рэжыму, а таксама 20 арганізацый і 16 прадпрымальнікаў, пераважна звязаных з расійскім капіталам. Рашэнне міністра з’яўляецца адказам на тое, што Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле прысуд актывісту польскай меншасці Анджэю Пачобуту і на рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць палітычных апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадваем, у лютым (два дні пасля вынясення прысуду Анджэю Пачобуту) Польшча прыпыніла да далейшага распараджэння рух на польска-беларускім аўтамабільным памежным пераходзе ў Баброўніках. У адказ, 18 лютага, беларускія ўлады ўвялі абмежаванні, якія не дазваляюць польскім перавозчыкам карыстацца памежнымі пераходамі на ўчастку мяжы Беларусі з Літвой і Латвіяй. У адказ Польшча ўвяла абмежаванні на пераходзе ў Кукурыках.

Старонка bankier.pl нагадвае, што акрамя пераходу ў Кукурыках на мяжы Польшчы і Беларусі дзейнічае яшчэ адзін аўтапераход у Тарэспалі, дзе ажыццяўляецца пасажырскі рух. Дзейнічаюць таксама чыгуначныя КПП з Беларуссю.

аз

З 1 чэрвеня палякі прыпыняюць рух грузавікоў на мяжы з Беларуссю

29.05.2023 20:03
Гэта датычыцца грузавых аўтамабіляў, зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі і Расіі.