Беларуская Служба

Еўрапейская камісія вырашыла падоўжыць забарону на ўвоз з Украіны пшаніцы, кукурузы, рапсу і сланечніку

06.06.2023 11:25
Забарона будзе прадоўжана да 15 верасня гэтага года, хоць Польшча заклікала падоўжыць абмежаванні да канца 2023 года. 
Здымак мае ілюстрацыйны характарpixabay.com

Еўрапейская камісія падоўжыць забарону на ўвоз з Украіны пшаніцы, кукурузы, рапсу і сланечніку. Цяперашняя забарона была ўзгоднена ў выніку збожжавага крызісу, які закрануў суседнія з Украінай краіны ЕС: Польшчу, Балгарыю, Румынію, Славакію і Венгрыю.

Забарона будзе прадоўжана да 15 верасня гэтага года, хоць Польшча заклікала падоўжыць абмежаванні да канца 2023 года. Забарона дзейнічае з 2 мая.

Міністр сельскай гаспадаркі Робэрт Тэлюс паведаміў, што на сённяшні дзень польскія фермеры прадалі 56% лішку збожжа, які ўтварыўся ў выніку імпарту ўкраінскага збожжа, якое замест таго, каб ісці далей праз Польшчу, засталося ў краіне і заблакавала продаж мясцовага збожжа. Госць Польскага радыё звярнуўся да фермераў з заклікам прадаваць збожжа з зернетокаў зараз, тым больш што дзяржава прапануе дапамогу:

- Я заклікаю фермераў не чакаць да апошняга тыдня чэрвеня, таму што тады будуць чэргі, цяжка будзе прадаць і пачнецца скандал. Заклікаю скарыстацца дзяржаўнай дапамогай і прадаваць памалу збожжа, не чакаць да апошняга дня.

Міністр Тэлюс заявіў, што сітуацыя на рынку збожжа стабілізуецца, пра што сведчаць вынікі продажаў і экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі.

Польскія фермеры не змаглі прадаць 4 мільёны тон свайго зерня. Сітуацыя выклікала  пратэсты ў многіх рэгіёнах краіны.

Польскі ўрад прапанаваў фермерам субсідыі і крэдыты, якія, аднак, недастаткова кампенсуюць страты польскіх вытворцаў.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі