Беларуская Служба

Мінск змякчае некаторыя санкцыі супраць Польшчы

06.11.2023 08:55
Пасля ўвядзення санкцый, цэны на прадукты харчавання сталі расці, а іх асартымент прыкметна скараціўся.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Рэжым у Мінску змякчыў частку санкцый у дачыненні да прадуктаў харчавання з Польшчы, Літвы і Латвіі. У выніку беларускія гандляры зноў могуць прадаваць тавары, набытыя ў Еўрасаюзе, паведамляе старонка businessinsider.com.pl.

Згодна з апублікаваным палажэннем, беларускія прадпрымальнікі могуць ужо прадаваць у Беларусі сідр і піва, імпартаваныя з Польшчы і Літвы.

Шырэйшае змякчэнне санкцый ахапіла тавары з Латвіі, з якой зараз беларускія прадпрымальнікі змогуць імпартаваць каву, джэмы, садавіну, сокі, піва, паперу і некаторыя будаўнічыя матэрыялы.

Што паўплывала на такое рашэнне? Як адзначае сайт belsat.eu, паясненне вельмі простае. Пасля ўвядзення эмбарга кошты ў Беларусі рэзка выраслі, між тым, краіна змагалася з амаль 20-працэнтнай інфляцыяй. У студзені 2023 года, пасля выплаты падаткаў, сярэднестатыстычнаму беларусу на жыццё заставалася каля 1,5 тысячы рублёў.

Беларусь увяла санкцыі супраць Польшчы і іншых суседніх краін Еўрасаюза ў студзені 2022 года. Такім чынам рэжым у Мінску адрэагаваў на заходнія абмежаванні, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі за палітычныя рэпрэсіі супраць уласнага насельніцтва пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Гаворка ідзе пра забарону на імпарт такіх прадуктаў харчавання, як ялавічына, свініна і кураціна, малако, гародніна і садавіна, кандытарскія вырабы.

Беларускія чыноўнікі спачатку пераконвалі, што беларусы не адчуюць наступстваў эмбарга. Аднак пасля яго ўвядзення цэны на прадукты харчавання сталі расці, а іх асартымент прыкметна скараціўся. У выніку з «чорнага спісу» сталі паступова выключаць некаторыя прадукты, напрыклад, абрыкосы, вішні, чарэшні, нектарыны, слівы.

Каментатары падкрэсліваюць, што з моманту фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў беларускі рэжым праводзіць гульню са сваімі суседзямі, якія ўвялі санкцыі супраць Мінска за парушэнне правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў.

Улады, то ўводзяць, то здымаюць забарону, прапануюць дыялог асобным краінам, адначасова працягваючы міграцыйны крызіс на мяжы з ЕС.

аз