Год таму, у красавіку 2023 года, урад Матэвуша Маравецкага прыняў пастанову пад назвай «Шчыт для памежжа», якая павінна была падтрымаць прадпрыемствы з Падляшша і Люблінскага рэгіёна, якія пацярпелі ад увядзення там надзвычайнага становішча і закрыцця памежных пераходаў.
Надзвычайнае становішча, уведзенае ў верасні 2021 года на мяжы з Беларуссю, прывяло да таго, што гатэлі, рэстараны і іншыя кампаніі, якія зарабляюць на турызме, страцілі крыніцу даходу. Абмежаванні на ўезд у гэтыя раёны дзейнічалі да чэрвеня 2022 года.
Справы мясцовых прадпрымальнікаў яшчэ больш пагоршыліся пасля закрыцця памежных пераходаў з Беларуссю ў Баброўніках і Кузніцы (яны закрытыя дагэтуль).
У верасні 2021 года Сейм прыняў акт, які прадугледжвае кампенсацыі для памежных кампаній. Але алгарытм дзеяння закона зрабіў немагчымым атрымаць дапамогу ад дзяржавы. Дапамога, прадастаўленая ў адпаведнасці з гэтым Законам, разглядалася як дзяржаўная дапамога de minimis. Калі разам з іншымі формамі дзяржаўнай падтрымкі, аказанай на працягу трох папярэдніх гадоў, яна перавышала 200 000 злотых - прадпрымальнік не меў на гэта права.
Пасля амаль года рэалізацыі праграмы ў Міністэрстве развіцця і тэхналогій паведамілі, што заявак было мінімальна.
«Па Праграме было пададзена пяць заявак на фінансавую падтрымку. Яны атрымалі адмову. Ніводная з іх не адпавядала неабходным крытэрам», — піша прэс-служба міністэрства. У міністэрстве таксама паведамілі, што пашыраць праграму «Шчыт для памежжа» і ўводзіць новыя формы дапамогі прадпрымальнікам з беларускага памежжа не плануецца.
На Падляшшы ў зоне надзвычайнага становішча колькасць начлегаў з ліпеня 2022 года на ліпень 2023 года скарацілася ажно на 24%.
Як прызнаецца ўладальніца рэстаранаў у Гайнаўцы і Белавежы Гражына Арцемюк, крытэрыі «Шчыта для памежжа» былі пабудаваныя такім чынам, што нават у відавочных выпадках стратаў атрымаць падтрымку ад гэтай праграмы было складана.
– Ваяводскія ўстановы вельмі старанна правяралі ўсе нашы даходы, таму пра нас усё было вядома. Таксама тое, што сродкі, выплачаныя паводле закона 2021 года, абсалютна не кампенсавалі страты, якія мы панеслі, - распавядае прадпрымальніца.
Яе рэстаран у Белавежы дагэтуль не працуе.
– Праблема не толькі ў слабейшым турыстычным руху, але і ў тым, што цяжка знайсці супрацоўнікаў, – прызнаецца Гражына Арцемюк.
Фінансавую падтрымку ў выглядзе новай праграмы «Шчыт для памежжа» могуць атрымаць прадпрыемствы турызму і грамадскага харчавання, якія зафіксавалі падзенне даходаў у сувязі з увядзеннем надзвычайнага становішча на мяжы паміж Польшчай і Беларуссю. Аднак прадпрымальнікі з памежжа лічаць, што лепшым метадам дапамогі, чым кампенсацыі, была б дзяржаўная падтрымка інвестыцый у турыстычную інфраструктуру ў памежных раёнах.
Як адзначае прадпрымальнік з Белавежы Славамір Дронь, напружаная палітычная сітуацыя захоўваецца, але ў памежных раёнах бяспечна.
– Мы самі тут жывём і неяк прызвычаіліся. А замест кампенсацыі мы хацелі б, каб улады падтрымалі нас у стварэнні новых пешаходных і веласіпедных сцежак або будаўніцтве сучаснага прыродаасветніцкага цэнтра. Такога пушчанскага Цэнтар навукі імя Капэрніка, - мяркуе Дронь, маючы на ўвазе варшаўскі аб'ект папулярызацыі навуковых ведаў.
Rzeczpospolita/вх