Усё больш і больш страчаных твораў мастацтва вяртаюцца ў Польшчу. З 2008 года амаль 900 прадметаў былі вернуты з 14 краін, толькі ў мінулым годзе — больш за сто. У 21 краіне разглядаюцца 224 справы аб рэстытуцыі.
Вяртанне твораў мастацтва — гэта місія Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, адзін з найважнейшых відаў дзейнасці, гаварыла на сустрэчы з журналістамі кіраўнік Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Марта Цянкоўска.
— Працэс вяртання ідзе поўнай парай. У нас выдатныя эксперты, у нас ёсць поспехі. Але мы хочам больш. Думаю, яшчэ ў гэтай палове года мы зможам пахваліцца вялікімі поспехамі. Вельмі шмат твораў мы знаходзім у ЗША. Вельмі шмат у Германіі, што з’яўляецца такім натуральным месцам. Але мы адшукалі і прадметы ў Аўстраліі, Японіі.
Намеснік дырэктара Дэпартамента культурнай спадчыны Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Эльжбета Рагоўска адзначыла, што страчаныя творы мастацтва знаходзяць практычна кожны дзень.
— У дэпартаменце рэстытуцыі найбольш развіваюцца метады пошуку. Мы цяпер пры дапамозе адпаведных інструментаў, пры дапамозе штучнага інтэлекту ў стане праглядзець, параўнаць і прынамсі ўступна адсеяць мільёны прадметаў на аўкцыёнах у цэлым свеце. Працэс вяртання ідзе кожны дзень. Мы можам казаць, што страчаныя творы мастацтва знаходзяцца штодзённа. Амаль штотыдзень мы завяршаем чарговыя справы.
Сярод нядаўна вернутых артэфактаў — бясцэнныя тэўтонскія пергаменты, разрабаваныя нямецкімі акупантамі, і разьбяная галава Святога Якава Старэйшага, скрадзеная з замка Мальбарк пасля вайны.
Паводле ацэнак, падчас вайны было страчана паўмільёна польскіх твораў мастацтва. У цяперашні час у базе дадзеных Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны страт ваеннага часу знаходзіцца прыблізна 66 тысяч прадметаў, якія ахопліваюць творы з усіх галін мастацтва.
ав