Беларуская Служба

Польскія эксперты папярэджваюць: у цэлага пакалення можа ўзнікнуць праблема з доступам да жылля

24.05.2024 21:11
У бліжэйшай будучыні ўсё больш людзей будуць вымушаныя арандаваць жыллё ўсё жыццё.
Жылы кварталShutterstock/TheHighestQualityImages

Польскае грамадства неўзабаве можа пачаць сварыцца з-за кватэр. Тыя, хто не атрымае жылля ў спадчыну, будуць вымушаныя працаваць на яго ўсё жыццё, піша Gazeta Wyborcza.

Дацэнт кафедры сацыялогіі Варшаўскага ўніверсітэта Мікалай Лявіцкі ў інтэрв'ю выданню падкрэсліў, што даходы маладых людзей у Польшчы павышаюцца не так хутка, як хацелася б, а вось цэны на жыллё растуць імкліва. Гэта не толькі польская спецыфіка, але ў Польшчы гэта асабліва заўважальная. Кватэры, пабудаваныя ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя, зараз пераходзяць у спадчыну наступным пакаленням. Для многіх гэта адзіны спосаб мець уласнае жыллё. У іншых краінах больш развіты рынак арэнды жылля, і маладыя людзі могуць здымаць яго на добрых умовах. У Польшчы арэнда дарагая, а кошты скачуць.

Сацыёлаг таксама дадаў, што ў бліжэйшай будучыні ўсё больш людзей будуць вымушаныя арандаваць жыллё ўсё жыццё. Няроўнасці ў грамадстве паглыбляюцца, а кошты на жыллё растуць хутчэй, чым даходы. У Польшчы пакуль няма такіх формаў дзяржаўнай падтрымкі ў набыцці жылля, як, напрыклад, у Германіі ці іншых краінах Заходняй Еўропы. Гэта можа прывесці да таго, што толькі найбагацейшыя змогуць дазволіць сабе ўласнае жыллё, а астатнія будуць змушаныя арандаваць.

«Калі не будуць уведзеныя радыкальныя змены ў жыллёвай палітыцы, маладым людзям будзе ўсё цяжэй атрымаць доступ да жылля. Кошты будуць расці, а арэнда станавіцца ўсё даражэйшай. Без атрымання ў спадчыну нерухомасці ад бацькоў многія будуць асуджаныя арандаваць жыллё ўсё жыццё», – цытуе сацыёлага Мікалая Лявіцкага Gazeta Wyborcza.

вс