Беларуская Служба

Польская эканоміка трапіла ў пастку дэмаграфіі і тэхналогіі

30.11.2024 11:43
Дзяржава сутыкаецца з павелічэннем выдаткаў на працоўную сілу і ўсё большым дэфіцытам кадраў.
Ілюстрацыя Фота: LeonidKos/Shutterstock

Польшча, якая раней была лідарам у ЕС па тэмпах эканамічнага росту, сёння сутыкаецца з павелічэннем выдаткаў на працоўную сілу і ўсё большым дэфіцытам кадраў. У 2024 годзе з рынку працы сыдзе 150 тысяч чалавек, а да канца дзесяцігоддзя гэтая колькасць павялічыцца да 200 тысяч у год. У цэлым на працягу наступных 10 гадоў рынак працы страціць больш чым 2 мільёны чалавек, што паўплывае на канкурэнтаздольнасць кампаній – чытаем у выданні Forsal.pl.

Колькасць людзей працаздольнага ўзросту ў Польшчы скарачаецца з 2013 года. За апошнія 12 гадоў яна зменшылася на 2 мільёны, і прагнозы паказваюць далейшае зніжэнне рэсурсаў працоўнай сілы. Сёння 21% работнікаў прыватнага сектара і 31% дзяржаўнага сектара маюць менш за 10 гадоў да пенсіі, што яшчэ больш абвастрае праблему.

Польская прамысловасць у 13 разоў менш аўтаматызаваная, чым карэйская, у 5 разоў менш, чым нямецкая, і ў 3 разы менш, чым чэшская. Колькасць прамысловых робатаў на 10 тысяч работнікаў у Польшчы адна з самых нізкіх у Еўропе. Тым часам, выдаткі на працоўную сілу растуць рэкордна хутка – у пераліку на еўра і долары яны ўжо ў 6,5 разоў вышэйшыя, чым у момант уступлення Польшчы ў ЕС.

Прыток украінцаў пасля 2014 года часткова зменшыў негатыўныя наступствы дэмаграфічнага крызісу, але ў апошні час міграцыя стала значна больш павольнай. Адсутнасць эфектыўнай міграцыйнай палітыкі пагражае многім сектарам эканомікі, якія не могуць лёгка аўтаматызаваць працу.

Нягледзячы на гэтыя праблемы, Польшча валодае велізарным чалавечым патэнцыялам. Неабходныя інвестыцыі ў адукацыю, тэхналогіі і інавацыі, каб перабудаваць эканоміку з мадэлі таннай працоўнай сілы на эканоміку, заснаваную на ведах. Ключавое значэнне таксама мае павелічэнне занятасці ў узроставых групах 50+ і 20–24 гады, а таксама сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтыя рашэнні патрабуюць неадкладных дзеянняў. Без адпаведных рэформаў Польшча можа страціць сваю канкурэнтаздольнасць на сусветным рынку.

нг