Беларуская Служба

Польшча развівае ўласны ваенны флот — пачалося будаўніцтва ваеннага карабля «Бура» (ФОТА)

05.05.2025 14:43
Новыя караблі стануць шматфункцыянальнымі «рабочымі конікамі» польскага флоту.
Аўдыё
  • Польшча развівае ўласны ваенны флот — рэалізуецца вялікая праграма па будаўнітву караблёў Miecznik.
  Miecznik.
Фрэгат тыпу Miecznik.Polska Grupa Zbrojeniowa S.A./ Nowa Technika Wojskowa

5 мая на ваенна-марской верфі PGZ у Гдыні адбылася цырымонія разразання ліставога металу для чарговага, другога, карабля з узбраеннем кіраванымі ракетамі. Карабель будзе называцца «Burza».

Агулам Польшча на сваіх верфях пабудуе тры фрэгаты ў межах праграмы «Miecznik». Яны атрымаюць назвы ORP «Wicher», ORP «Burza» і ORP «Huragan». Караблі будуюцца ў рамках прамысловага кансорцыума пры падтрымцы замежных партнёраў. За тры караблі Польшча заплаціць каля 16 мільярдаў злотых.

Назвы «Burza» і «Wicher» — гэта адсылка да караблёў марскога флоту Польшчы ў ХХ стагоддзі. Караблі з такімі ж назвамі — даваенныя эсмінцы, пабудаваныя ў Францыі. Карабель «Burza» перажыў Другую сусветную вайну і служыў баявым караблём да 1960 года, а таксама караблём-музеем да 1976 года. «Wicher» затануў у верасні 1939 года, а яго назва была адноўлена ў 1958 годзе — яе атрымаў эсмінец, пабудаваны ў СССР. Гэты карабель заставаўся на баявой службе да 1970 года, а 31 снежня 1974 года быў цалкам спісаны.

Сімвалічная рэзка ліставога металу для корпуса карабля прайшла ў Гдыні на Ваеннай верфі.

Марцін Рынгвельскі, прэзідэнт Ваеннай верфі, у інтэрв'ю Польскаму радыё заявіў, што разразанне ліставога металу — гэта рэальны пачатак будаўніцтва другога карабля, што з'яўляецца важнай падзеяй для ўсёй суднабудаўнічай галіны.

«Маем гатовыя вытворчыя магутнасці, каб пачаць будаўніцтва другога карабля. Маем тэхнічную дакументацыю, таму і пачынае на месяц раней», — сказаў Рынгвельскі.

У эфіры «Радыё Гданьск» Ян Грабоўскі, член праўлення Польскай групы ўзбраенняў, заявіў, што «Мечнік» — найважнейшая праграма з моманту ўступлення Польшчы ў НАТА:

— У студзені 2024 года быў закладзены пачтак будаўніцтва карабля «Wicher», а сёння — краенне металу для карабля «Burza». Верым, што, згодна з раскладам, у гэтым годзе пачнём працу. І потым важнымі будуць наступны год і лета — спуск на воду нашага «Віхра». Карабель такога класу быў вельмі патрэбны ваеннаму флоту. Выдатна, што дамова на тры адзінкі. Гэта праграма на дзесяць год.

Спуск на ваду першага фрэгата пад назвай ORP «Wicher» запланаваны на другую палову 2026 года. Другі карабель павінен адплыць праз год, а ўся праграма «Miecznik» павінна быць завершана да 2031 года. Тры адзінкі паступяць на ўзбраенне і стануць часткай баявой эскадрыллі 3-й карабельнай флатыліі. Шматмэтавыя караблі  тыпу «Miecznik» будуць абсталяваны сучаснымі баявымі сістэмамі, у тым ліку зенітнымі і супрацьракетнымі комплексамі, а таксама супрацькарабельнымі тарпедамі. 

Урачысты пачатак будащництва карабля ORP «Burzа» на ваеннай верфі ў Гдыні. Фота: PAP/Adam Warżawa Урачысты пачатак будаўніцтва карабля ORP «Burzа» на ваеннай верфі ў Гдыні. Фота: PAP/Adam Warżawa

Фармальны пачатак праекта будаўніцтва фрэгатаў для польскага Ваенна-марскога флоту варта датаваць лістападам 2020 года, калі тагачасная Інспекцыя ўзбраенняў пасля правядзення аналізу перадала кіраўніцтву Міністэрства нацыянальнай абароны адпаведную заяву аб закупцы трох адзінак. У ліпені 2021 года з раней створаным кансорцыумам «PGZ-Miecznik» быў заключаны кантракт на закупку першага карабля ў выніку даследчай працы і дзвюх серыйных адзінак. Кантракт прадугледжвае распрацоўку, будаўніцтва і пастаўку трох надводных караблёў класа фрэгат разам з інтэграванай сістэмай бою (ІСБ). У якасці базы карабельнай платформы быў абраны праект Inspiration (Arrowhead 140), прапанаваны брытанскай кампаніяй Babcock International.

Усе тры фрэгаты павінны папоўніць Ваенна-марскі флот Рэспублікі Польшча ў 2030–2031 гадах. Караблі ў рамках праграмы «Miecznik» будуюць на брытанскім прататыпе Arrowhead 140, яны маюць водазмяшчэнне каля 7000 тон і  будуць самымі вялікмі польскімі баявымі адзінкамі, універсальнымі карабельнымі платформамі, здольнымі выконваць любы тып задач. Экіпаж карабля складаецца максімум з 187 чалавек.

Асноўнай сістэмай узбраення фрэгатаў стане універсальная вертыкальная пускавая ўстаноўка, здольная страляць рознымі тыпамі ракет, у тым ліку крылатымі ракетамі. Карабель будзе ўзброены ракетамі з далёкасцю стральбы больш за 100 км. «Miecznik» таксама будзе абсталяваны гарматамі з далёкасцю стральбы да 40 км і супрацькарабельнымі ракетамі, здольнымі паражаць мэты на адлегласці больш за 200 км.

Так выглядае метал для корпуса карабля, яго ўрачыста пачалі разразаць 5 мая. Фота: PAP/Adam Warżawa Так выглядае метал для корпуса карабля, яго ўрачыста пачалі разразаць 5 мая. Фота: PAP/Adam Warżawa


Паралельна з будаўніцтвам першага карабля вядуцца работы, звязаныя з мадэрнізацыяй PGZ Stocznia Wojenna. Асноўная перабудова верфі звязана з праграмай «Miecznik», але амбіцыі кіраўніцтва завода ідуць значна далей. Задумка такая, што дзякуючы ўдзелу ў праекце будаўніцтва фрэгатаў, у Польшчы ствараецца патэнцыял для рэалізацыі наступных праектаў мадэрнізацыі ваенна-марскіх сіл, у тым ліку размова пра вытворчы патэнцыял у выглядзе інфраструктуры і высокакваліфікаваных спецыялістаў, патэнцыял для стварэння ўласнага праектнага бюро, а таксама пабудова ланцуга паставак. Усё гэта неабходныя элементы праграм узбраенняў.

Між іншым, калі гаварыць пра грамадзянскую сферу, то Польшча — першая ў Еўропе і другая ў свеце пасля ЗША ў вытворчасці яхт. Цяпер марская галіна лічыцца адной з найважнейшых, найбольш інавацыйных і  дынамічна развіваючыхся галін польскай эканомікі. 

portalmilitarny.pl/IAR/вх