Сутыкненне з незастрахаваным кіроўцам не азначае, што пацярпелы не атрымае кампенсацыі ад страхавой кампаніі.
Прэс-сакратар Фонду страхавых гарантый (Ubezpieczeniowy Fundusz Gwarancyjny) Даміян Зёмбэр (Damian Ziąber) тлумачыць, што працэдура пасля ДТЗ з кіроўцам, які не мае поліса грамадзянскай адказнасці (па-польску OC), нічым не адрозніваецца ад працэдуры пасля сутыкнення з застрахаваным кіроўцам.
— Пацярпелы павінен задакументаваць усё, што можа пацвердзіць абставіны ДТЗ. У кожнага ёсць цяпер смартфон - трэба зрабіць фотаздымкі. Калі ёсць сведкі, пацярпелы павінен папрасіць іх пачакаць паліцыі або пакінуць свае кантактныя дадзеныя для паліцыі. У выпадку, калі ў вінаватага няма страхоўкі, пацярпелы перадае ўсю сабраную дакументацыю любому страхоўшчыку, які займаецца аўтастрахоўкамі на польскім рынку.
Бланкі, якія неабходна запоўніць пасля ДТЗ, можна спампаваць, між іншым, на сайце Polskie Biurо Ubezpieczycieli Komunikacyjnych (Бюро аўтастрахоўшчыкаў Польшчы).
У выпадку ДТЗ з незастрахаваным кіроўцаўм Даміян Зёмбэр заклікае выклікаць паліцыю.
— У выпадку сутыкнення або любога роду дарожнага здарэння рэкамендуецца выклікаць паліцыю. Я хачу падкрэсліць, што ў выпадку, калі ёсць пацярпелыя ў ДТЗ мы абавязаны выклікаць паліцыю і экстранныя службы.
Прадстаўнік Фонду страхавых гарантый дадаў, што тысячы людзей у Польшчы патрапілі ў спіс даўжнікоў Фонду страхавых гарантый, таму што яны не былі застрахаваныя і прычыніліся да ДТЗ.
Агульная запазычанасць незастрахаваных кіроўцаў складае амаль 400 мільёнаў злотых (100 мільёнаў еўра).
Згодна з дзеючым тарыфам у Польшчы, за прычыненне наезду пагражае штраф не менш за 1000 злотых (250 еўра), але ў многіх выпадках гэтая сума можа павялічыцца да 1500 злотых (375 еўра) і больш, калі здарэнне адбылося ў выніку грубага парушэння ПДР. У сітуацыях, калі сутыкненне прывяло да ранення чалавека, штраф за прычыненне наезду можа складаць 2500 злотых (625 еўра). Але калі вінаваты быў у стане алкагольнага ап'янення або паводзіў сябе асабліва безадказна, справа можа дайсці да суда, дзе штраф можа быць значна большым.
За ўчыненне наезду вадзіцель можа атрымаць 6 і больш штрафных балаў у залежнасці ад цяжкасці правапарушэння. У Польшчы ліміт складае 24 штрафныя балы. Акрамя таго, сутыкненне можа паўплываць на памер страхавога ўзносу — кіроўцу, які часта трапляе ў ДТЗ, неабходна ўлічваць падаражэнне поліса страхавання грамадзянскай адказнасці.
IAR/яс