Польскія фінансавыя службы затрымалі трох чалавек, якія падазраюцца ў імпарце бярозавай фанеры з Расіі і Беларусі. Гэта падсанкцыйная прадукцыя, таму яе ўвоз на тэрыторыю ЕС забаронены.
Следства Дзяржаўнай мытна-падатковай службы сцвярджае, што адна з польскіх кампаній займалася імпартам бярозавай фанеры з Расіі і Беларусі. Для абыходу санкцый прадукцыя пастаўлялася праз фірму з Казахстана.
Следтва вядзе сталічнае Мазавецкае мытна-падатковае ўпраўленне пад наглядам Варшаўскай акруговай пракуратуры. Суд задаволіў хадайніцтва пракурора і пагадзіўся часова арыштаваць фігурантаў справы на тры месяцы. Яны падазраюцца ў кантрабандзе і здзяйсненні злачынства, звязанага з парушэннем санкцый.
Падазраваным пагражае да трох гадоў пазбаўлення свабоды і штраф.
Па месцы жыхарства затрыманых, а таксама ў службовых і складскіх памяшканнях на тэрыторыі трох польскіх ваяводстваў былі праведзеныя вобшукі. Фінансавыя службы затрымалі ў якасці доказаў бухгалтарскую дакументацыю, офісную тэхніку і фанеру, якая знаходзілася на складах. Таксама адабраныя пробы тавару для лабараторных аналізаў.
Пасля нападзення Расіі на Украіну краіны Захаду ўвялі санкцыі супраць Масквы і супраць Беларусі, рэжым якой падтрымлівае Крэмль. Сярод санкцыйнай прадукцыі – прадукцыя лясной прамысловасці. Аднак, паводле журналістаў, расійская і беларуская фанера амаль без праблем трапляе на польскі і еўрапейскі рынкі, бо кантрабанда ідзе праз кампаніі з Турцыі, Кітая і Казахстана.
вс