У дэбатах удзельнічалі ўсе 13 кандыдатаў.
Удзельнікі дэбат адказвалі на пытанні, як і задавалі іх сваім сапернікам. Спектр тэм быў шырокі: ад унутранай палітыкі да міжнародных спраў, ад поглядаў да сумленнасці кандыдатаў.
Падчас дэбат кандыдаты адказалі на пытанні аб ролі Польшчы на міжнароднай арэне і еўрапейскай інтэграцыі. Кандыдат ад партыі «Польшча 2025» Шыман Галоўня падкрэсліў, што Польшча павінна быць актыўным гульцом на міжнароднай арэне:
- Мы сёння павінны быць дзяржавай не толькі Усходняй Еўропы, але і Паўночнай. Мы сёння павінны з Італіяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй будаваць еўрапейскую вось і перазагрузіць гэтую сістэму.
Лідар грамадскіх апытанняў, кандыдат «Грамадзянскай платформы» Рафал Тшаскоўскі сказаў, што Еўрапейскі Саюз нарэшце пачаў размаўляць на мове Польшчы:
- Яны хочуць выдаваць больш грошай на абарону і нашую абаронную прамысловасць. Яны хочуць выдаткоўваць сродкі на мяжу і яе абарону. І ў гэтым справа, каб еўрапейцы гаварылі тое, што ім скажам мы. Нас будуць слухаць і ў ЗША, калі будуць бачыць, што мы ўплываем на ЕС.
Другі па папулярнасці кандыдат, якога падтрымлівае галоўная апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць» Караль Наўроцкі заявіў, што Польшча павінна цвёрда пазіцыянаваць свае інтарэсы на міжнароднай арэне:
- Польшча павінна быць лідарам у ЕС, калі гаворка пра пабудову еўраатлантычных адносін. Гэта звязана з адказнасцю нас, палякаў. Мы не можам быць у ЕС камердынерам Германіі ці Францыі. Мы павінны клапаціцца пра польскія справы. Польшча і польскія справы – перад усім. Сёння пагрозай з’яўляюцца спробы дэцэнтраліцызыі ЕС.
Славамір Менцэн з «Канфедэрацыі» падкрэсліў, што нельга перадаваць якія-небудзь дадатковыя кампетэнцыі польскага ўрада Еўрапейскаму Саюзу:
- Я не дам згоды на міграцыйны пакт, на прыманне нелегальных мігрантаў, на сацыяльныя выплаты ім. Не падпішу «зялёную дамову», якая павялічвае кошты нашага жыцця. Падводзячы вынік: толькі польскія інтарэсы і канец далейшай інтэграцыі з Еўрасаюзам.
Адрыян Зандберг з партыі «Разам» гаварыў пра патрэбу ўзмацняць еўрапейскую эканоміку і не пагаджацца з дамінацыяй ЗША:
- Мы павінны адбудаваць вытворчую моц у Польшчы і рэгіёне, якія ў выніку наіўнай гаспадарчай палітыкі, страцілі. Увесці роўныя правы для суб’ектаў, якія вырабляюць тавар у нас, каб іх не нішчыла несумленная канкурэнцыя. І перастаць азірацца на Вашынгтон.
Кандыдатка Левых Магдалена Беят адказваючы на пытанне аб мірных перамовах падкрэсліла, што Дональд Трамп вядзе перамовы, як ён лічыць, у інтарэсах сваёй краіны, хоць гэта не абавязкова так:
- Мы, Польшча, і ЕС павінны зрабіць усё, каб купіць сабе месца за сталом перамоваў. Так, я кажу: купіць. За расійскія грошы. Я першай у гэтай прэзідэнцкай кампаніі гаварыла пра тое, каб ЕС выкарыстаў замарожаныя ў выніку санкцый актывы Расіі. Гэта ўдалося ў выніку ціску з боку Польшчы і іншых краін рэгіёну.
Эканамістка, публіцыстка, палітык левых поглядаў Яанна Сэнышын гаварыла, што палякам убілі ў галаву, што на абарону трэба выдаваць 5% ВУП. Яна гэтыя грошы прапануе выдаць на іншыя мэты:
- Гэтыя 90 мільярдаў злотых, паміж 3,5 і 5 працэнтамі, можна прызначыць на ахову здароўя і на будову жылля. Я з грошай на нібыта абарону дам на будову жылля 30 мільярдаў.
Прадпрымальнік Марэк Якубяк лічыць, што нельга крытыкаваць Дональда Трампа, калі ён мае рацыю:
- Было б добра, каб еўрапейскія галовы нарэшце зразумелі, што паміж гандлёвымі крокамі існуе сіметрыя. Што ЗША больш не з’яўляюцца сусветным фраерам. Што адзін аднога павінен паважаць. І ЕС, як пуп зямлі, павінен зразумець, што амерыканцы таксама могуць вырабляць шампанскае.
Журналіст, лідар Руху дабрабыту і міру Мацей Мацяк так тлумачыў нізкую нараджальнасць у краіне:
- Многія мае контркандыдаты выціснутыя празмернымі падаткамі грошы выдаюць на глупствы ці на вайсковую тэхніку, купленую за мяжой. Неабходна змяніць закон, зменшыць выцісканне з нас грошай, бо мы ўсе адсюль выедзем. Гэтыя дзеці народзяцца, але за межамі нашай краіны.
Журналіст і бізнесмен Якуб Станоўскі амаль не адказваў на пастаўленыя пытанні, а намагаўся паказаць слабы бок сваіх супернікаў, паказаць, што яны несамастойныя гульцы:
- Вы нічога не зробіце, і нічога вам не здаецца, бо найперш вы павінны запытацца ў сваіх начальнікаў. У гэтай дэбаце ўдзельнічаюць неадпаведныя людзі. Тут павінны стаяць Дональд Туск і Яраслаў Качыньскі. Гэта яны павінны казаць, што думаць, і што рабіць.
Марэк Вох з руху «Беспартыйныя чыноўнікі» ў сувязі з тым, што многія не ведаюць на каго галасаваць, прапанаваў аддаць голас на яго, як абаронцу выключаных:
- Цяпер аказваецца, што кіруючая кааліцыя нічога не можа, калі гаворка ідзе пра правы працаўнікоў, прадпрымальнікаў, службу аховы здароўя, падаткі, экалогію. Падчас гэтай дэбаты я не даведаўся нічога, што нам, грамадзянам, прапануюць будучыя прэзідэнты.
Эканаміст, выкладчык Артур Барташэвіч пераконваў, што гатовы стаць кіраўніком дзяржавы:
- Я, як адзіны кандыдат, прыгатаваў грамадска-палітычную праграму. Падчас усіх дэбатаў вы пазнаёміліся са мной. Будзьце адважнымі, вы ж інтэлігентныя, галасуйце на Барташэвіча.
Палітык Гжэгаж Браўн гаварыў, што выбіраючы яго, палякі вернуць сабе незалежнасць:
- Як мінімум стварыць моцную дзяржаву і прэзідэнтуру, хопіць беспакаранасці чыноўнікаў. Смяротнае пакаранне для злачынцаў, шпіёнаў, здраднікаў. Закон аб замежных агентах. Гэта нам патрэбна.
1 чэрвеня адбудзецца магчымы другі тур.
ав