Беларуская Служба

У Польшчы падаражэюць квіткі на некаторыя катэгорыі цягнікоў

13.05.2025 13:49
Кошт квіткоў на цягнікі Intercity не павышаўся 10 гадоў.
PKP Intercity
«PKP Intercity»Grand Warszawski/Shutterstock

У чыгуначнай кампаніі пасажырскіх перавозак PKP Intercity не выключаюць павышэння цэн квіткоў на цягнікі TLK (Twоje Linie Kolejowe) і Intercity.

Міністэрства інфраструктуры фінансуе хуткасныя цягнікі Intercity і яе часткі TLK, якая рэалізуе пасажырскія перавозкі паміж ваяводствамі. Мэтай дзяржаўнага фінансавання цягнікоў далёкага накіравання з'яўляецца забеспячэнне доступу шырокіх слаёў грамадства да міжгародняга чыгуначнага транспарту.

Намеснік міністра інфраструктуры Пётр Малепшак (Piotr Malepszak) сказаў, што цяперашнія цэны на квіткі не кампенсуюць інфляцыі.

— Кошт квіткоў на цягнікі Intercity не павышаўся 10 гадоў. За гэты час адбыўся вялікі рост інфляцыі. У нас склалася такая сітуацыя, што, напрыклад, заробкі выраслі на 97%, а ў Intercity мы захавалі ўзровень квіткоў з 2015 году. Сітуацыя становіцца вельмі некамфортнай і нам неабходна прымаць непапулярныя рашэнні аб павышэнні цэн.

Пётр Малепшак таксама звярнуў увагу на тое, што на некаторых маршрутах цягнікі PKP Intercity каштуюць танней, чым цягнікі рэгіянальных перавозчыкаў. Нават на 30 працэнтаў. Такім чынам PKP Intercity мімавольна забірае пасажыраў у рэгіянальных перавозчыкаў.

PKP Intercity i яе складовая частка TLK дае пасажырам шматлікія скідкі. У выніку падарожжа атрымлівалася вельмі танна, напрыклад, квіток на цягнік з Варшавы ў Бельск Падляшскі даросламу абыходзіцца ў 19 злотых (менш за 5 еўра), пры чым адзначым, цягнік пераадольвае адлегласць каля 280 км за 2 гадзіны 45 хвілін.

У пачатку студзеня 2023 года PKP Intercity абвясціла аб падвышэнні квіткоў на ўсе цягнікі, але праз некалькі дзён адмяніла рашэнне.

Акцыянернае таварыства PKP Intercity – другая па колькасці перавезеных пасажыраў чыгуначная кампанія ў Польшчы. Поўны пакет акцый перавозчыка належыць дзяржаве.

PKP Intercity абслугоўвае цягнікі міжрэгіянальных і міжнародных спалучэнняў. Кампанія прапануе паездку чатырма катэгорыямі цягнікоў: эканом-класа TLK і InterCity, бізнес-класа Express InterCity і прэміюм-катэгорыі Pendolino Express InterCity Premium. Найбольшай папулярнасцю сярод пасажыраў карыстаюцца дзве першыя катэгорыі.

У 2024 годзе PKP Intercity перавезла амаль 78,5 млн пасажыраў. 

IAR/яс


Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі