Беларуская Служба

Палякі паступова набіраюць давер да крыптавалютаў

20.05.2025 14:30
Палякі купляюць крыптавалюты па розных прычынах – не заўсёды, каб зарабіць.
.
Крыптавалюта. ІлюстрацыяShutterstock/Chinnapong

Больш за 18% (18,4%) палякаў інвеставалі ў крыптавалюты. Пра гэта сведчыць справаздача UCE Research і Ari10.

Паводле яе, крыптавалюты часцей за ўсё купляюць людзі ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў (28,4%), жыхары найбуйнейшых гарадоў (20,8%), якія працуюць на поўным штаце і зарабляюць ад 7 да 9 тысяч злотых без уліку падаткаў і збораў у месяц (1 639 – 2 108 еўра)(31,2%).



Паводле слоў Матэвуша Кары з анлайн-біржы крыптавалют Ari10, 18,4% палякаў, якія інвеставалі ў крыптаактывы – гэта высокі паказчык.

«Гэтыя віды актываў усё яшчэ лічацца новымі ў параўнанні з рынкамі золата або акцыяў. Перашкодай для многіх людзей, асабліва старэйшых, з'яўляецца чорны піяр, накіраваны на крыптавалюты. Некаторыя асацыююць лічбавыя валюты са злачыннасцю і баяцца крадзяжу», — адзначыў эксперт.

Паводле адмыслоўцаў, перад галіной яшчэ шмат выклікаў, каб заваяваць давер большай часткі палякаў. Тут неабходная сумленная інфармацыя, як пра патэнцыйныя выгады, так і пра рызыкі, звязаныя з такімі інвестыцыямі.

Усё ж аўтары дакладу прагназуюць, што зацікаўленне крыптавалютамі будзе расці. Неабходны толькі час дзеля ўкаранення новага віду актываў на рынку.



«Палякі інвестуюць у крыптавалюты па многіх прычынах, і гэта не заўсёды чыстае жаданне зарабіць грошы. Гаворка ідзе таксама пра падтрыманне пакупніцкай здольнасці. Ва ўмовах высокай інфляцыі спажыўцы зацікаўлены ў інвеставанні ў крыптавалюты, бо яны заўважаюць пастаяннае зніжэнне кошту традыцыйных валютаў», - пераконваюць эксперты.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі