Беларуская Служба

Беспрацоўе ў Польшчы знізілася, але адчуюць гэта не ўсе супрацоўнікі

27.05.2025 10:45
У згаданым перыядзе выраслі рознічныя продажы, дарэчы яны выразна перавысілі ранейшыя прагнозы.
ПрацаFoto: jarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

У красавіку ўзровень беспрацоўя ў Польшчы знізіўся на 0,1 працэнтнага пункта ў параўнанні з сакавіком і склаў 5,2 працэнта, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне. Польскі рынак працы застаецца стабільным, а нязначныя ваганні ўзроўню беспрацоўя ў першую чаргу звязаныя з сезоннымі фактарамі, лічыць Матэвуш Жыдэк(Mateusz Żydek) з кансалтынгавага агенцтва Randstad Polska:

- Аднак на рынку бачныя пэўныя дыспрапорцыі ў доступе да працы, якія вынікаюць са спецыфічных эканамічных умоваў паасобных рэгіёнаў краіны. Гаворка ідзе пра тое, што ўзровень беспрацоўя па рэгіёнах вагаецца ад рэкордна нізкага, то бок 3% да амаль 9%. Гэта значыць, што не ўсе супрацоўнікі адчуваюць станоўчую сітуацыю на рынку працы.

Колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных службамі занятасці, у красавіку склала 802 700 чалавек. Колькасць новых зарэгістраваных беспрацоўных склала 91 500 чалавек, у той час як месяцам раней яна складала 102 100 чалавек.

Дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення супадаюць з папярэднімі прагнозамі Міністэрства працы.
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне паведаміла таксама пра рост рознічных продажаў у красавіку. Паводле апошніх дадзеных, за папярэдні месяц гэты паказчык (разлічаны ў пастаянных цэнах) павялічыўся на 7,6%. Нагадваем, раней прагназаваны рост складаў 3%.

Дырэктар дэпартамента эканамічнага аналізу Santander Bank Polska Пётр Бельскі(Piotr Bielski) падкрэсліў, што дадзеныя значна лепшыя, чым чакаў рынак і не зусім зразумела, чаму:

- Выразна лепшыя вынікі рознічных продажаў фіксаваліся не толькі ў сектарах, звязаных з Вялікаднем, які мы святкавалі ў згаданым месяцы. Рост продажаў фіксаваўся таксама ў многіх іншых сектарах.

У мінулым месяцы найбольшы рост продажаў быў зафіксаваны ў наступных таварных групах: аўтамабілі, аўтазапчасткі, матацыклы, мэбля, а таксама бытавая электроніка і тэхніка. Адзення, абутку і прадуктаў харчавання таксама было прададзена больш, чым год таму.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

З 1 чэрвеня можна будзе складаць спісы прафесій, па якіх нельга браць на працу замежнікаў

23.05.2025 15:43
Эксперты і чыноўнікі запэўніваюць, што на дадзены момант ніхто не стварае такіх спісаў, і пакуль беспрацоўе ў Польшчы застаецца на рэкордна нізкім узроўні, рызыка іх стварэння невялікая.