У красавіку ўзровень беспрацоўя ў Польшчы знізіўся на 0,1 працэнтнага пункта ў параўнанні з сакавіком і склаў 5,2 працэнта, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне. Польскі рынак працы застаецца стабільным, а нязначныя ваганні ўзроўню беспрацоўя ў першую чаргу звязаныя з сезоннымі фактарамі, лічыць Матэвуш Жыдэк(Mateusz Żydek) з кансалтынгавага агенцтва Randstad Polska:
- Аднак на рынку бачныя пэўныя дыспрапорцыі ў доступе да працы, якія вынікаюць са спецыфічных эканамічных умоваў паасобных рэгіёнаў краіны. Гаворка ідзе пра тое, што ўзровень беспрацоўя па рэгіёнах вагаецца ад рэкордна нізкага, то бок 3% да амаль 9%. Гэта значыць, што не ўсе супрацоўнікі адчуваюць станоўчую сітуацыю на рынку працы.
Колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных службамі занятасці, у красавіку склала 802 700 чалавек. Колькасць новых зарэгістраваных беспрацоўных склала 91 500 чалавек, у той час як месяцам раней яна складала 102 100 чалавек.
Дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення супадаюць з папярэднімі прагнозамі Міністэрства працы.
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне паведаміла таксама пра рост рознічных продажаў у красавіку. Паводле апошніх дадзеных, за папярэдні месяц гэты паказчык (разлічаны ў пастаянных цэнах) павялічыўся на 7,6%. Нагадваем, раней прагназаваны рост складаў 3%.
Дырэктар дэпартамента эканамічнага аналізу Santander Bank Polska Пётр Бельскі(Piotr Bielski) падкрэсліў, што дадзеныя значна лепшыя, чым чакаў рынак і не зусім зразумела, чаму:
- Выразна лепшыя вынікі рознічных продажаў фіксаваліся не толькі ў сектарах, звязаных з Вялікаднем, які мы святкавалі ў згаданым месяцы. Рост продажаў фіксаваўся таксама ў многіх іншых сектарах.
У мінулым месяцы найбольшы рост продажаў быў зафіксаваны ў наступных таварных групах: аўтамабілі, аўтазапчасткі, матацыклы, мэбля, а таксама бытавая электроніка і тэхніка. Адзення, абутку і прадуктаў харчавання таксама было прададзена больш, чым год таму.
IAR/аз