Беларуская Служба

Новы закон аб службе занятасці прадугледжвае значныя змены ў найманні на працу іншаземцаў

31.05.2025 18:10
Змены закрануць перад усім агенцтвы занятасці, у тым ліку агенцтвы часовай працы.
Працаgeralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

З першага чэрвеня ўступае ў сілу новая версія закона аб рынку працы і службах занятасці – нагадвае businessinsider. Новаўвядзенне мае на мэце ўмацаваць сістэму, зрабіць яе больш празрыстай і выключыць злоўжыванні — асабліва ў кантэксце найму замежнікаў і абыходу кантрольных патрабаванняў. Змены закрануць перад усім агенцтвы занятасці, у тым ліку агенцтвы часовай працы.

Адна з галоўных змен — абмежаванні ў працы з замежнікамі. На працягу двух гадоў з моманту рэгістрацыі новыя агенцтвы не змогуць накіроўваць на працу іншаземцаў, для якіх патрабуецца дазвол ці афіцыйнае паведамленне пра даручэнне працы. Гэта крок супраць схем, калі ствараліся фіктыўныя структуры, каб масава завозіць людзей з-за мяжы. Іншая важная мера — спыненне практыкі абыходу праз субпадрад. Замежнікі могуць быць накіраваныя толькі непасрэдна да працадаўцы, які дзейнічае ў Польшчы. Дзяржава хоча дакладна ведаць, дзе працуе чалавек і хто адказвае за яго ўмовы. Гэта спрашчае працу інспекцый — Дзяржаўнай інспекцыі працы, ZUS (Упраўленне дзяржаўнага страхавання) і Памежнай службы.

Агенцтвы, зарэгістраваныя за мяжой, будуць абавязаныя атрымаць польскую рэгістрацыю цягам трох месяцаў. Яны таксама мусяць прызначыць свайго прадстаўніка ў Польшчы — чалавека, які будзе мець паўнамоцтвы кантактаваць з ZUS, інспекцыяй працы і маршалкам ваяводства. Уводзіцца патрабаванне мець фізічны офіс на тэрыторыі Польшчы, дзе будзе захоўвацца дакументацыя. У гэтым офісе павінен знаходзіцца прадстаўнік, з якім можна наладзіць кантакт.

Змяняецца і сам працэс рэгістрацыі агенцтва працаўладкавання. Будзе патрэбна больш дакументаў, між іншым даведкі пра адсутнасць судзімасцяў у кіраўнікоў, адсутнасць падатковых і страхавых даўгоў. Плата за рэгістрацыю вырасце з 200 да 1000 злотых. Гэта не толькі дадатковыя сродкі для дзяржавы, але і спосаб адсейваць выпадковыя структуры. Усе гэтыя змены — частка больш шырокай тэндэнцыі да ўзмацнення кантролю на рынку працы. Асаблівая ўвага — да легальнасці занятасці замежнікаў, дзейнасці субпадрадчыкаў і трансгранічнага найму.

нг