Forsal піша, што частка палякаў ужо неўзабаве будзе працаваць да 70 гадоў – плануецца змяненне пенсійнага ўзросту для судовых выканаўцаў. Міністэрства юстыцыі распрацавала адпаведны законапраект.
Цяпер, згодна з законам, судовы выканаўца аўтаматычна адклікаецца пасля дасягнення 65 гадоў. Міністр юстыцыі Адам Боднар лічыць гэта парушэннем прынцыпу роўнага стаўлення. Змены дазволяць вопытным спецыялістам працягваць працу, а тым, хто набліжаецца да 65, не давядзецца сыходзіць супраць волі.
Акрамя таго, праект прадугледжвае адмену жорсткага 6-гадовага тэрміну асэсуры. Кандыдаты змогуць даўжэй заставацца ў прафесіі і здаваць экзамены без рызыкі страціць магчымасць на далейшую кар’еру.
Мэта рэформы — прадухіліць кадравы голад. Зараз у Польшчы каля 1300 выканаўцаў і 600 асэсараў. Рэформа павінна спыніць адток маладых кадраў і палепшыць пераемнасць у прафесіі.
Дзейныя нормы крытыкаваліся як дыскрымінацыйныя. У 2020 годзе суд у Варшаве адмяніў рашэнне аб звальненні выканаўцы, якому споўнілася 65 гадоў. Новы закон павінен прадухіліць падобныя спрэчкі.
Суддзі могуць працаваць пасля 65 года жыцця з дазволу, адвакаты не маюць пенсійнага ўзросту. Змены для выканаўцаў уводзяць аднолькавыя ўмовы для прадстаўнікоў усіх юрыдычных прафесій. Рэформа — частка шырэйшых змен у юрыдычнай сістэме. Міністэрства рыхтуе новыя правілы. Мэта — павелічэнне даступнасці і празрыстасці кар’ерных шляхоў у галіне права.
Новая рэдакцыя закона не абавязвае працаваць да 70 гадоў — гэта магчымасць, а не абавязак. Працяглая праца можа быць выгаднай, бо павялічвае будучую пенсію.
нг