Беларуская Служба

Rzeczpospolita: Бізнес разлічвае на супрацоўніцтва паміж урадам і новым прэзідэнтам

03.06.2025 12:22
Прадстаўнікі бізнесу перакананыя: дэрэгуляцыя гаспадаркі — тэма, якая можа аб’яднаць палітыкаў з розных бакоў.
Новаабраны прэзідэнт Польшчы Караль НаўроцкіPAP/Leszek Szymański

Хаця кіруючая кааліцыя наўрад ці можа разлічваць на падтрымку новаабранага прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, у яе ўсё ж застаецца шырокае поле для дзеяння там, дзе можна ўмацоўваць канкурэнтаздольнасць эканомікі, піша ў аўторак, 3 чэрвеня газета Rzeczpospolita.

Як адзначыў упаўнаважаны прадпрымальнікаў па пытаннях дэрэгуляцыі Рафал Бжоска, незалежна ад вынікаў выбараў ініцыятыва Sprawdzamy (па-бел. «Правяраем») працягне працаваць дзеля таго, каб яе прапановы былі рэалізаваныя. «Гэта агульнаграмадская праца па-за палітычнымі падзеламі, бо тычыцца кожнага з нас. Таму важна, каб усе палітыкі прызналі дэрэгуляцыю прыярытэтам», — заявіў упаўнаважаны.

Прадстаўнікі бізнесу перакананыя: дэрэгуляцыя гаспадаркі — тэма, якая можа аб’яднаць палітыкаў з розных бакоў. Прэзідэнт польскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Lewiatan Мацей Вітуцкі спадзяецца, што новы прэзідэнт будзе дзейнічаць адказна і супрацоўнічаць з урадам у эканамічных пытаннях. Падобнага меркавання прытрымліваюцца і іншыя прадстаўнікі дзелавых колаў, у тым ліку з такіх уплывовых галіновых арганізацый як Business Centre Club і Pracodawcy RP.

Эксперты мяркуюць, што ключавыя эканамічныя законы, асабліва ў сферы дэрэгуляцыі, могуць быць ухваленыя нават пры апазіцыйным прэзідэнце. На іх думку, цяжка будзе аспрэчыць патрэбу ў такіх кроках, калі ініцыятыва ідзе непасрэдна ад прадпрымальнікаў — і ад саміх выбарцаў, — пісалі на старонках газеты Rzeczpospolita.

эж