На ўмацаванне ўсіх родаў узброеных сіл Бельгія плануе выдаткаваць на працягу наступнага дзесяцігоддзя 36 мільярдаў еўра, паведаміла мясцовая газета De Morgen.
Стымулам для павелічэння выдаткаў з'яўляецца міжнародная сітуацыя, а таксама новы парог абавязковых выдаткаў на абарону, увядзення якога патрабуюць ад членаў НАТА Злучаныя Штаты Амерыкі.
Гэты парог плануецца павысіць з 2 да 5 працэнтаў ВУП. Зразумела, што такі эканамічны пераход не будзе лёгкім і не адбудзецца за адзін дзень.
Польшча і іншыя краіны ўсходняга фланга НАТА, якія ўжо некалькі гадоў павялічваюць свае выдаткі на абарону, знаходзяцца ў адносна лепшай сітуацыі. Пакуль што, каб супакоіць хаўруснікаў, бельгійцы хочуць адрэагаваць «хуткім» павелічэннем выдаткаў да раней неабходных 2 працэнтаў ВУП, а потым пачаць ажыццяўляць план мадэрнізацыі і пашырэння ўзброеных сіл.
Краіна плануе павялічыць свой парк знішчальнікаў да 55 самых сучасных самалётаў
Найбольш уражлівым лічыцца план пакупкі 21 шматмэтавага самалёта 5-га пакалення F-35A. Такім чынам Бельгія мае намер павялічыць свой парк знішчальнікаў да 55 машын, што адпавядае рэкамендацыям НАТА. У гэтым годзе на ўзбраенне будуць уведзеныя першыя з раней замоўленых 34 машын гэтага тыпу. На пакупку F-35 краіна плануе вылучыць 5 мільярдаў еўра.
Акрамя новых самалётаў, плануюцца інвестыцыі ў іх будучую мадэрнізацыю, а таксама ў еўрапейскую сістэму кіравання базамі дадзеных для гэтых самалётаў. Новая сістэма павінна замяніць цяперашнюю, якая значную частку аперацыйных дадзеных адпраўляе ў краіну вытворцы, то бок у Злучаныя Штаты Амерыкі.
У сухапутных войсках плануецца стварыць дадатковую матарызаваную брыгаду колькасцю ў 3 000 жаўнераў. Гэта значнае ўзмацненне, бо колькасць сухапутных войскаў Бельгіі ў цяперашні час складае менш за 10 000 чалавек.
З 2032 года ў Бельгіі будзе дзве брыгады: паўночная і паўднёвая. Чакаецца, што інвестыцыі ў сухапутныя войскі абыдуцца бельгійскім падаткаплатнікам у агульную суму 10 мільярдаў еўра.
Бельгія аднаўляе супрацьпаветраную абарону, ліквідаваную ў 1990-х гадах
У супрацьпаветранай абароне таксама плануецца рэвалюцыя. Сёння ў Бельгіі СПА практычна няма. Краіна адмовілася ад яе ў 1990-х гадах, калі меркавалася, што «больш ніякай вайны не будзе».
Цяпер сітуацыя зусім іншая. Плануецца закупка 10 батарэй сістэмы малой далёкасці NASAMS. Гэтая сістэма была набыта па прыкладзе Нідэрландаў.
Бельгійцы купяць польскія ПЗРК «Piorun»
Варта дадаць, што Бельгія дасягнула папярэдняй дамоўленасці з Польшчай адносна куплі 200-300 польскіх пераносных зенітна-ракетны комплексаў «Piorun».
У сваю чаргу ВМС павялічацца на дадатковы, то бок трэці фрэгат. Дзякуючы гэтаму, як піша бельгійская газета, гатовым да дзеяння ў любы момант павінен быць, як мінімум, адзін ваенны карабель.
Таксама бельгійцы плануюць набыць два дадатковыя беспілотнікі SkyGuardian, верагодна, для разведкі і назірання, а 4 мільярды еўра будуць прызначаныя на павышэнне кібербяспекі.
аз