Беларуская Служба

Цягніком па Еўропе з адным білетам — новая сістэма продажу білетаў з'явіцца ў ЕС

05.06.2025 13:47
Для падарожжаў чыгункаю праз некалькі краін будзе дастаткова аднаго білета. Браніраванне стане простым, лягчэй будзе выбраць танны варыянт. Новая сістэма продажу білетаў мае ахапіць краіны ЕС.
Uprawnione do skorzystania z ulgi są dzieci i młodzież do 16 roku życia
Uprawnione do skorzystania z ulgi są dzieci i młodzież do 16 roku życiaPKP Intercity

Еўрапейскі Саюз хоча ўдасканаліць браніраванне і набыццё чыгуначных білетаў для трансгранічных падарожжаў. Камісар ЕС па транспарце Апосталас Цыцыкостас мае яшчэ ў гэтым годзе прадставіць заканадаўчую прапанову ў гэтай справе. Новыя правілы ЕС павінны дазволіць еўрапейцам, якія падарожнічаюць цягніком з адной краіны ў другую, лёгка набываць адзін білет на ўсё падарожжа. Адначасова гэта гарантавала б адзіныя правы пасажыраў падчас праезду, Rzeczpospolita

Пакуль што такія новаўвядзенні з восені прапануе Deutsche Bahn. Паводле Spiegel, новы стандарт продажу білетаў і абмену данымі з замежнымі перавозчыкамі ахопіць пакуль швейцарскія чыгункі SBB і аўстрыйскія ÖBB. У наступныя месяцы да сістэмы далучаліся б чарговыя партнёры. Замежнае падарожжа цягніком павінна было б у арганізацыйным плане стаць такім жа простым, як і ўнутранае.

Падарожжа цягніком занадта складанае

Цяпер білеты на чыгуначныя трансгранічныя падарожжы, у якіх выкарыстоўваюцца розныя перавозчыкі, звычайна трэба купляць асобна. Акрамя таго, калі з-за спазнення цягніка пасажыр не паспявае на запланаваную перасадку, ён мусіць купляць новы білет.

— Еўрапейская чыгунка трапіла ў нацыянальныя пасткі, з-за чаго прайграе авіяцыі, індывідуальнаму аўтатранспарту і апошнім часам таксама падарожжам аўтобусам, — сцвярджае Міхал Бейм з Прыродазнаўчага ўніверсітэта ў Познані, эксперт Інстытута Сабескага ў Варшаве. — Перш за ўсё не хапае адзінай платформы, на якой можна было б купіць білет паміж любымі гарадамі Еўрапейскага Саюза. Акрамя таго, кожная чыгунка мае розныя тарыфныя рашэнні. У Польшчы абавязковыя месцы ва ўсіх цягніках далёкага следавання, у Германіі толькі ў выбраных, а ў Швейцарыі ўжо не, дадатквых месцаў амаль ніхто не купляе. Усё гэта робіць падарожжа цягніком больш складаным, чым палёт самалётам.

На думку Бейма, каб чыгунку зрабіць рэальнай альтэрнатывай аўтамабілям і самалётам у падарожжах па Еўрапейскім Саюзе, то адзіная сістэма інфармацыі аб злучэннях і агульная платформа продажу білетаў неабходныя. І не выглядае, каб праблемай былі тэхнічныя пытанні: гэта хутчэй адсутнасць палітычнай волі ўскладняе стварэнне наднацыянальнай пошукавай сістэмы злучэнняў, якая дазваляла б выбраць найбольш прывабнае па цане падарожжа.

Выклік для PKP Intercity

Удасканаленне сістэмы браніравання – гэта выклік для PKP Intercity, асабліва калі кампанія заяўляе пра пашырэнне сеткі міжнародных злучэнняў.

Тым часам, паводле леташняга рэйтынгу брусельскай арганізацыі Transport & Environment, якая ацэньвае па розных крытэрыях функцыянаванне чыгуначных перавозчыкаў у ЕС, Польшча па эфектыўнасці браніравання апынулася сярод 27 краін на чацвёртым месцы з канца.

Ацэньвалася, як доўга білеты прапануюцца пасажырам загадзя і ці можна іх набыць праз знешнія платформы. Каб прыцягнуць больш пасажыраў у цягнікі, спосаб браніравання павінен быць эфектыўным, гнуткім і зручным для карыстальніка, падкрэслівалі аўтары даклада.

PKP Intercity паведаміла, што працуе над рашэннем, якое заменіць цяпер дзейную сістэму продажу. Перавозчык будзе падтрымліваць рабочыя кантакты з чыгункамі Германіі, Чэхіі і Аўстрыі ў сферы магчымасцяў узаемнага продажу білетаў і браніравання месцаў у міжнародных цягніках.

У Бруселі рыхтуюць новыя правілы

PKP пацвярджае, што Еўрапейская Камісія анансавала на гэты год ініцыятывы, звязаныя з транспартам, якія ўключаюць, між іншым, пытанні білетаў і правоў пасажыраў. Гэтыя дзеянні павінны паўплываць на пытанні, звязаныя з набыццём чыгуначных білетаў. На ўзроўні ЕС вядуцца дыскусіі адносна сістэм браніравання і продажу білетаў. Група PKP бярэ ў іх удзел. У бліжэйшы час краіны-члены, якія ўваходзяць у камітэт па ўзаемадзеянні і бяспецы ЕК, маюць прыняць падрабязныя правілы, якія ахопліваюць, між іншым, пытанні білетаў.

вх