Польскія электраэнергетычныя сеткі (PSE) б'юць трывогу: далейшы рост інвестыцый у аднаўляльныя крыніцы энергіі можа выклікаць перагрэў рынку і прывесці да банкруцтва часткі кампаній. Як паведамляе выданне Rzeczpospolita, ужо цяпер аператар мусіць перыядычна адключаць ад сеткі альтэрнатыўных пастаўшчыкоў электраэнергіі.
Згодна з дадзенымі PSE, агульная магутнасць ужо падключаных да сеткі ўстановак на базе аднаўляльных крыніц складае 34 ГВт. Калі дадаць да гэтага выдадзеныя ўмовы далучэння і падпісаныя дамовы, то да 2030 года гэтая магутнасць можа перавысіць 125 ГВт. Гэта амаль у пяць разоў больш за сярэднясутачную патрэбу ў магутнасці (каля 25 ГВт), што, на думку аналітыкаў, уяўляе сур’ёзную пагрозу для стабільнасці польскага рынку электраэнергіі.
Паводле Міхала Арлоўскага, віцэ-прэзідэнта групы Tauron, з усіх пададзеных праектаў рэальна могуць быць рэалізаваныя толькі 20–25%. Таму неабходна перагледзець працэдуры, каб пазбегнуць празмерных інвестыцый у развіццё сеткі. У выпадку, калі інвестары аднаўляльных крыніц энергіі ўсё ж запусцяць установы з такімі вялікімі магутнасцямі, значная частка з іх можа аказацца эканамічна незапатрабаванымі. Прычына — дзённыя лішкі вытворчасці, якія прыводзяць да падзення цэн на электраэнергію, а часам нават да адмоўных гандлёвых цэн.
Ужо цяпер PSE вымушаныя часткова абмяжоўваць вытворчасць з аднаўляльных крыніц энергіі. У траўні такія абмежаванні дзейнічалі 24 дні, што прывяло да скарачэння паставак на 182 ГВт-г. З пачатку года гэты паказчык склаў амаль 590 ГВт-г, што на 36% больш, чым у аналагічным перыядзе летась.
Rzeczpospolita адзначае, што такія адключэнні азначаюць істотныя страты для інвестараў. Хоць для іх прадугледжаны кампенсацыі, яны вылічваюцца паводле нізкіх рынкавых цэн у момант адключэння.
эж