Расійская абаронная прамысловасць сёння вырабляе больш узбраення, чым разам узятыя галіны абароны Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі. Да такой высновы прыйшлі эксперты Інстытута Бройгеля і Кіляўскага інстытута сусветнай эканомікі (IfW), паведамляе выданне Rzeczpospolita са спасылкай на даклад Fit for war by 2030?.
Згодна з дакументам, каб супрацьстаяць пагрозе з боку Расіі, еўрапейскія краіны павінны павялічыць абаронную вытворчасць у пяць разоў. Пакуль жа вытворчы патэнцыял краін Заходняй Еўропы значна адстае: сумесна яны выпускаюць толькі некалькі дзясяткаў танкаў штогод. Для параўнання, у першым квартале 2025 года з расійскіх заводаў выйшла больш за 400 танкаў.
Аднак эксперты адзначаюць, што пераважная большасць гэтых машын — гэта мадэрнізаваныя і адрамантаваныя старыя ўзоры, якія даўно захоўваліся на складах.
Асобна адзначаецца сітуацыя ў Польшчы, якая за апошнія гады заказала больш за 500 танкаў за межамі Еўропы, у прыватнасці ў ЗША і Паўднёвай Карэі.
Аўтары дакладу ўпэўненыя: да 2030 года Еўропа здольная дасягнуць патрэбнага маштабу вытворчасці. Павелічэнне выпуску танкаў, бранятэхнікі і артылерыі — цалкам рэальная мэта, калі пачаць дзейнічаць ужо цяпер.
эж