Беларуская Служба

Данія ўмацоўвае пазіцыі на Грэнландыі праз здабычу золата

24.06.2025 13:44
Дацкі экспартна-інвестыцыйны фонд (EIFO) абвясціў пра ўкладанне 100 млн дацкіх крон (каля 15,5 млн долараў) у кампанію Amaroq Minerals Ltd., якая займаецца здабычай золата і крытычных мінералаў у паўднёвай частцы Грэнландыі.
Данія ўзмацняе сваю прысутнасць на выспе праз стратэгічныя інвестыцыіChris Christophersen/Shutterstock

На фоне зацікаўленасці ЗША ў атрыманні кантролю над Грэнландыяй, Данія ўзмацняе сваю прысутнасць на выспе праз стратэгічныя інвестыцыі ў здабычу карысных выкапняў, піша партал biznesalert.pl. У чэрвені 2025 года Дацкі экспартна-інвестыцыйны фонд (EIFO) абвясціў пра ўкладанне 100 млн дацкіх крон (каля 15,5 млн долараў) у кампанію Amaroq Minerals Ltd., якая займаецца здабычай золата і крытычных мінералаў у паўднёвай частцы Грэнландыі.

Гэта не першая інвестыцыя EIFO у мясцовы горназдобыўны сектар — упершыню фонд падтрымаў Amaroq яшчэ ў 2019 годзе. Цяпер EIFO з’яўляецца трэцім па велічыні акцыянерам кампаніі. Дачыненне Даніі да праекта падкрэслівае яе жаданне забяспечыць доступ да стратэгічных рэсурсаў, неабходных для «зялёнай» энергетыкі, абароны і высокіх тэхналогій.

Галоўным актывам Amaroq з’яўляецца праект Nalunaq — у лістападзе 2024 года кампанія ўпершыню атрымала золата на мясцовай фабрыцы. За 10 гадзін працы было выплаўлена 1,2 кг золата. Да канца 2025 года плануецца павялічыць вытворчасць да 5 кг на дзень, што эквівалентна прыбытку каля паўмільёна долараў.

Гэтая ініцыятыва наглядна дэманструе, як невялікая Данія супрацьстаіць геапалітычным выклікам праз эканамічнае ўмацаванне сваёй прысутнасці на Грэнландыі.

эж