Нават частковае вяртанне памежнага кантролю можа павялічыць транспартныя выдаткі на некалькі працэнтаў. Перавозчыкі асцерагаюцца дрэннай арганізацыі і шматкіламетровых чэргаў, — піша польскае выданне Puls Biznesu.
Напярэдадні, прэм’ер Польшчы Дональд Туск паведаміў, што з 7 ліпеня краіна аднаўляе кантроль на некаторых участках мяжы з Германіяй і Літвой. Кантроль будзе выбарачным, часовым і будзе мець прафілактычны характар, ахопіць аўтамабільныя, чыгуначныя і пешаходныя пераходы.
Як адзначае выданне, хоць мэта такіх дзеянняў — бяспека дзяржавы, а іх эканамічныя наступствы, асабліва для транспартнага сектара, могуць быць істотнымі. У Польшчы адказваюць на дзеянні Германіі, якая яшчэ ў кастрычніку 2023 года ўвяла кантроль на мяжы з Польшчай, Чэхіяй і Швейцарыяй, а ў чэрвені 2025 года працягнула яго да верасня.
«Праверкі, якія ўжо некалькі месяцаў праводзяцца на нямецкім баку, выклікаюць заторы, у якіх гадзінамі стаяць як легкавыя аўто і мікрааўтобусы, так і грузавікі, што забяспечваюць дастаўку грузаў па ўсёй Еўропе», — адзначае Артур Калісяк, прадстаўнік Саюза працадаўцаў «Транспарт і лагістыка Польшча».
Паводле ацэнак, польскія праверкі могуць павялічыць затрымкі да 60–90 хвілін. Каб пазбегнуць затораў, эксперты раяць вылучаць асобныя палосы для транспарту, які не падлягае праверцы.
эж