Беларуская Служба

Балтыйскае мора чакае складаная будучыня

04.11.2025 15:10
Балтыка сутыкаецца са шматлікімі пагрозамі, кажуць спецыялісты. Ці неўзабаве адпачынак на Балтыйскім моры стане перажыткам мінулага?
Аўдыё
  • Экасістэмы Балтыйскага мора пад пагрозай
Ілюстрацыйнае фотаImage by jacqueline macou from Pixabay/CC0

Адныя эксперты кажуць, што Балтыйскае мора можа стаць найбуйнейшай у свеце марской «мёртвай зонай». Іншыя зазначаюць, што дзякуючы супольным высілкам урадаў ды грамадскіх ініцыятыў удаецца запавольваць негатыўныя тэндэнцыі.

Паводле падлікаў кліматолагаў апошнія 10 год сталі самымі цёплымі з моманту пачатку замераў назвор’я ў Еўропе, што асабліва ўплывае на Балтыйскае мора. Марскія экасістэмы Балтыкі адаптаваліся да адносна невялікай глыбіні ды ўмеранай салёнасці аквэну, і таму надзвычай адчувальныя да змен клімату і забруджвання.

Як адзначае агенцтва AFP, Балтыйскае мора награваецца хутчэй, чым іншыя прыбярэжныя воды, а забруджванне ад сельскай гаспадаркі  ды сцёкавыя воды прывялі да змяншэння кіслароду ў марской вадзе і распаўсюджвання бактэрый летам. У выніку «запасы трэскі ў Балтыйскім моры, калісьці велізарныя, скараціліся, а запасы селядца дасягнулі крытычнага ўзроўню», — гаворыцца ў дакладзе шведскай еўрадэпутаткі Ізабэлы Лёвін. Змяны клімату ствараюць вялікія праблемы для Балтыйскага мора, кажа Кшыштаф Мрожэк з «Польскай зялёнай сеткі».

— Балтыйскае мора з'яўляецца часткай глабальнай сістэмы акіянаў, стан якой хутка пагаршаецца. Мы не бачым гэтага кожны дзень, калі гаворым пра кліматычны крызіс. Мы часта гаворым пра паводкі, спякоту і пажары, але забываем пра акіяны, якія, магчыма, найбольш пакутуюць ад экалагічнага крызісу. Напрыклад, водныя арганізмы, рыбы забруджаныя мікрапластыкам, а акіяны акісляюцца, што ўскладняе выжыванне. Павышэнне сярэдняй тэмпературы таксама выклікае непрыемнасці, напрыклад, для турыстаў, такія як высокатаксічныя цыянабактэрыі, якія робіць мора непрыдатным для купання. Яшчэ адной з праблем, характэрных для нашага Балтыйскага мора, якую вельмі цяжка вырашыць, з'яўляецца забруджванне зброяй часоў Другой сусветнай вайны. На дне знаходзяцца дзясяткі тон старых ракет і хімічнай зброі, якія цяпер раскладаюцца і ў ваду трапляюць таксічныя рэчывы. Навукоўцы ўжо знаходзяць іх у мясе рыб. Мы павінны сумесна планаваць дзеянні, якія абароняць наша Балтыйскае мора.

У сваю чаргу прафесар Лех Котвіцкі з Польскай акадэміі навук (PAN) у інтэрв'ю выданню «Nauka w Polsce» («Навука ў Польшчы») звярнуў увагу на тое, што за апошнія дзесяцігоддзі паступленне забруджвальных рэчываў у Балтыку скарацілася, часткова дзякуючы дзеянням урадаў.

Іншым пазітыўным пракладам сталі перадавыя практыкі аховы Балтыйскага ўзбярэжжа ў Літве, Латвіі і Польшчы ад разбуральных наступстваў і павышэння ўзроўню мора, пра што распавядаецца ў дакументальнымі фільме «Focus on the Coast» (Фокус на ўзбярэжжа). Гаворыць аўтарка стужкі сустаршыня арганізацыі «Экозащита» Аляксандра Каралёва.

— Узбярэжжа Балтыйскага мора ўразлівае да ўздзеяння штармоў, тут сканцэнтраваны пяшчаныя ўзбярэжжы, і гэтая частка геалагічна апускаецца. Тры часткі ўзбярэжжа, якія мы паказалі, яны яшчэ і геаграфічна звязаныя, таму што пясок, уласна, матэрыял, які павінен захоўваць узбярэжжа, паступае з поўдня-захаду на паўночны ўсход, так уладкованая марскія плыні ў Балтыйскім моры. Таму, напрыклад, калі ў Літве пабудуюць вялізны порт з доўгімі моламі, і там пачне назапашвацца пясок, тады пачне інтэнсіўна разбурацца ўзбярэжжа ў Латвіі. Калі ў Польшчы што-небудзь падобнае зробяць, то пачне разбурацца ўзбярэжжа ў Літве.  

Гэта вымушае ўрады супрацоўнічаць ў справе аховы Балтыйскага мора, зазначае рэжысёрка.

— Аднак, на дзяржаўным узроўні пакуль застаецца яшчэ дысбаланс, таму што, напрыклад, у Літве ёсць дзяржаўная праграма, і , прынамсі, палова ўзбярэжжа, паколькі там створаны нацыянальны парк, там усё дагледжана як цукерачка. У Польшчы ёсць дзяржаўная праграма, але навукоўцы ды грамадскія актывісты ёй не вельмі задаволеныя, бо яна больш арыентаваная не на захаванне экасістэм, а на захаванне інфраструктуры. У Латвіі ж зусім няма дзяржаўнай праграмы, хаця там праблема разбурэння ўзбярэжжа стаіць надзвычай востра. Там апошнія 20 гадоў проста знікаюць гектар за гектарам і Латвія губляе тэрыторыю. Разам з тым, пытанні, якія абмяркоўваюцца ў грамадстве, якія ўздымаюцца актывістамі грамадскіх арганізацый, рана ці позна, крок за крокам даходзяць да кабінетаў, дзе прымаюцца рашэнні. Я вельмі спадзяюся, што, уласна кажучы, што ў Латвіі з'явіцца дзяржаўная праграма, а ў Польшчы яна стане больш прыродаахоўна арыентаванай.

Найгоршая сітуацыя з аховай Балтыйскага ўзбярэжжа цяпер у Расіі, зазначае дакументалістка.

— Зараз расійская частка, якраз паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа Балтыкі, якому прысвечаны фільм, гэта для нас белая пляма. Я не магу паехаць у Расію, і, адпаведна, здымаць там фільм таксама не магу, але там усё пагаршаецца, таму што там ніхто нічога не робіць у абарону берага. Увогуле, сённяшняя Расія - гэта краіна, дзе адмаўляюць змены клімату, дакладней, яго ўплыў.  Цалкам змены клімату нельга не заўважаць, але ў Расіі вельмі любяць казаць: ну і што, хай і спякотней, але ў нас будзе даўжэйшы вегетацыйны сезон, а ў Сібіры будуць бананы расці і так далей.

Балтыйскае мора пачало паволі аднаўляцца, кажуць эксперты, але яго чакае складаная будучыня,  таму што экасістэмы гэтага воднага басейну адчувальныя для пагроз звязаных са зменамі клімату ды экалагічным забруджваннем.

Юры Ліхтаровіч