Беларуская Служба

Новаадкрытае радовішча нафты ў Польшчы можа забяспечыць 4-5% патрэб нацыянальнай эканомікі на згаданую сыравіну, эксперт

22.07.2025 13:01
Аднак спачатку трэба пацвердзіць памер радовішча, а сама здабыча можа пачацца толькі праз некалькі гадоў, астуджвае эмоцыі Галоўны геолаг краіны.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:redhawkgroup/pixabay.com/CC0 Public Domain

Толькі пасля таго, як кампанія Central European Petroleum прадставіць адпаведную дакументацыю, Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя зможа адказна пракаментаваць пытанне радовішчаў нафты і прыроднага газу, якія былі выяўленыя каля выспы Волін (Заходняя Памеранія), кажа Галоўны геолаг краіны Кшыштаф Галяс(Krzysztof Galos).

Нагадваем, учора кампанія Central European Petroleum паведаміла, што знойдзенае ёй радовішча з’яўляецца найбуйнейшым радовішчам вуглевадародаў, якое калі-небудзь было выяўленае ў Польшчы, і адным з найбуйнейшых радовішчаў нафты, знойдзеных у Еўропе за апошнія дзесяць гадоў:

- Гэта можна будзе пацвердзіць пасля таго, як кампанія прадставіць геалагічную дакументацыю, пасля яе ацэнкі і пасля яе зацвярджэння Галоўным геолагам краіны. Я думаю, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя некалькі месяцаў і спадзяюся, што тое, што кампанія заявіла ў сваім паведамленні, пацвердзіцца. Зараз я б быў асцярожны ў гэтым пытанні.

Паводле Central European Petroleum, у радовішчы можа знаходзіцца нават 22 мільёны тон нафты і 5 мільярдаў кубічных метраў газу. Чакаецца, што вакол выспы Волін(Wolin) можа залягаць больш за 33 мільёны тон нафты і 27 мільярдаў кубаметраў газу.

Калі б гэтая інфармацыя пацвердзілася, то гэта было сапраўды вельмі вялікае радовішча вуглевадародаў, дадаў Кшыштаф Галяс:

- Калі б гэта было згаданыя 22 мільёны тон то, можна было б смела сказаць, што гэта найбуйнейшае адкрыццё радовішчаў сырой нафты на польскіх землях прынамсі пасля Другой сусветнай вайны. Такое радовішча не здабываецца на працягу года, а працэс эксплуатацыі працягваецца 15-25 гадоў. Такім чынам, калі б гэтая інфармацыя сапраўды пацвердзілася, то радовішча дазволіла б забяспечыць 4-5% патрэбаў нацыянальнай эканомікі ў сырой нафце на працягу некалькіх гадоў.

Дакументы павінны паступіць у міністэрства на працягу двух месяцаў. Працэс зацвярджэння рэсурсаў зойме тры месяцы. Аднак пачатак здабычы карысных выкапняў – гэта пытанне бліжэйшых некалькіх гадоў.

Штогадовая патрэба Польшчы ў сырой нафце складае 25 мільёнаў тон.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

У Балтыйскім моры ля выспы Волін знойдзена буйнейшае ў Польшчы радовішча нафты і газу

21.07.2025 13:04
У акваторыі каля вострава можа залягаць больш за 33 млн тон нафты і 27 млрд кубаметраў газу.