Паводле найноўшых дадзеных Еўрастату за 2023 год, праз асноўныя парты Еўрапейскага Саюза ў рамках кароткай марской навігацыі прайшло каля 1,6 мільярда тон тавараў. У параўнанні з 2022-м гэта азначае падзенне на 5,4%, паведамляе партал forsal.pl.
Найбольш загружаным портам Еўропы застаецца Ратэрдам у Нідэрландах, дзе перавалена 159 мільёнаў тон фрахту. На другім месцы апынуўся бельгійскі порт Антверпен-Бруге з паказчыкам у 119 мільёнаў тон. Замыкае тройку лідараў порт у Гданьску, праз які прайшло 61 мільён тон грузаў.
Асаблівую ўвагу экспертаў прыцягнула дынаміка росту. Найбольшы скачок зафіксаваны ў італьянскім порце Таранта — больш як на 50% у параўнанні з 2022 годам. У Гданьску аб’ём перавалкі павялічыўся больш як на 40%, што з’яўляецца адным з найвышэйшых тэмпаў у Еўропе. Для параўнання, порт Генуя паказаў рост на 13,5%.
Еўрастат тлумачыць, што кароткая марская навігацыя (Short Sea Shipping, SSS) — гэта транспартаванне грузаў на адносна невялікія адлегласці. У еўрапейскай статыстыцы пад гэты тэрмін падпадаюць перавозкі паміж партамі ўнутры ЕС, а таксама з партамі геаграфічнай Еўропы, якія знаходзяцца ў басейнах Міжземнага і Чорнага мораў.
Такім чынам, Польшча ўпэўнена замацоўваецца сярод лідараў еўрапейскай марской лагістыкі, а Гданьск становіцца адным з ключавых вузлоў кароткага марскога гандлю.
эж