Беларуская Служба

Дзяржаўныя закупкі павінны даваць заробак айчынным кампаніям і прадпрыемствам — кіраўнік польскага ўрада

16.09.2025 13:12
Ва ўсім свеце такі спосаб мыслення пачынае пераважаць над наіўнымі спосабамі разумення свету з эпохі бесклапотнай і «радаснай» глабалізацыі.
Прэм'ер Польшчы Дональд Туск PAP/Albert Zawada

Прэм'ер-міністр Дональд Туск абвясціў аб так званай «паланізацыі» дзяржаўных закупак. Кіраўнік урада паведаміў, што ў бліжэйшыя гады Польшча выдаткуе трыльёны на інвестыцыі, у тым ліку ў афшорную ветравую энергетыку, якая, як чакаецца, стане адной з рухаючых сіл польскай эканомікі. Туск падкрэсліў, што важна, каб як мага большая частка гэтых грошай паступіла айчынным кампаніям і прадпрыемствам. «Для польскіх прадпрымальнікаў і польскіх кампаній пачынаецца чырвона-белы раздзел», - дадаў ён.

— У перспектыве месяцаў і гадоў, гэта будзе выдатны нацыянальны, высокапрыбытковы бізнес. Важна, каб мы інвеставалі ў магчымасці развіцця польскіх кампаній там, дзе ўрад мае прамы ці ўскосны ўплыў. Мы будзем імкнуцца забяспечыць гэта, асабліва ў маштабных інвестыцыях.

Дональд Туск падкрэсліў, што большая доля айчынных кампаній прынясе прыбытак не толькі тысячам польскіх прадпрыемстваў, але і мільёнам падаткаплацельшчыкаў.

— Таму няма альтэрнатывы такому спосабу мыслення, у нас няма нейкай польскай фобіі. Нельга таксама расцэньваць гэта такім чынам, што, мы суседнічаем з агрэсіўнымі суседзямі і маем падставы баяцца розных формаў агрэсіі.  Не — ва ўсім свеце такі спосаб мыслення пачынае пераважаць над наіўнымі спосабамі разумення свету з эпохі бесклапотнай і «радаснай» глабалізацыі. Мы жывём сярод эгаістаў, таму не можам быць наіўнымі.

Міністэрства дзяржаўнай маёмасці, Агенцтва прамысловага развіцця і дзяржаўныя кампаніі, у тым ліку Orlen, PGE і PZU, падпісалі дэкларацыю аб падтрымцы больш шырокага ўдзелу польскіх кампаній у другім этапе будаўніцтва ветрапаркаў у Балтыйскім моры.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі