У верасні ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Польшчы склаў 5,6%, што на 0,1% вышэй, чым у жніўні, і на 0,6% вышэй, чым у верасні мінулага года, паведаміла Міністэрства па справах сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі.
У канцы верасня ў службах занятасці былі зарэгістраваныя 867 600 чалавек.
Паводле ацэнак Міністэрства па справах сямʼі, працы і сацыяльнай палітыкі, самы нізкі ўзровень беспрацоўя быў зафіксаваны ў Вялікапольскім ваяводстве (3,5%), а самы высокі – у Падкарпацкім (9%).
Ведамства падкрэсліла, што Польшча застаецца сярод краін ЕС з самым нізкім узроўнем беспрацоўя. У жніўні 2025 года ўзровень беспрацоўя ў Польшчы, разлічаны паводле вызначэння Еўрастата, склаў 3,2% (на 0,1% больш, чым месяцам раней, і на 0,2% больш, чым у жніўні папярэдняга года). Такі ж вынік быў зафіксаваны ў Чэхіі. Толькі Мальта і Славенія зафіксавалі ніжэйшы ўзровень беспрацоўя – 2,9%.
У той час сярэдні паказчык па ЕС складаў 5,9%, а па еўразоне – 6,3%. Найвышэйшы ўзровень беспрацоўя быў зафіксаваны ў Іспаніі – 10,3%
PAP/аз