Беларуская Служба

Дзве траціны палякаў адчуваюць сябе бяспечна ў інтэрнэце

21.10.2025 10:45
У апошні час кіберзлачынцы часцей нацэльваюцца на кліентаў, а не, як раней, на ўстановы, перасцерагаюць эксперты.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/CC0 Public Domain/Gerd Altmann

Паводле справаздачы «Стаўленне палякаў да кібербяспекі«, амаль дзве траціны палякаў адчуваюць сябе бяспечнымі ў інтэрнэце, а калі асцерагаюцца нечага, то, перш за ўсё, фішынгу.

Фішынг (англ. phishing ад fishing – «рыбная лоўля») – гэта разнавіднасць махлярства, якое адбываецца ў інтэрнэце. «Кліент-рыба», якую намераны злавіць махляр, апрацоўваецца рознымі спосабамі, каб ён перадаў махляру доступ да сваіх канфідэнцыйных дадзеных – у прыватнасці, лагінаў і пароляў. Часцей за ўсё гэта адбываецца пры дапамозе рассылкі электронных лістоў ад імя папулярных брэндаў, у тым ліку банкаў.

Старшыня Асацыяцыі польскіх банкаў Тадэвуш Бялэк (Tadeusz Białek) кажа, што ў апошні час кіберзлачынцы часцей нацэльваюцца на кліентаў, а не, як раней, на ўстановы:

- На дадзены момант асноўным аб'ектам дзейнасці кіберзлачынцаў зʼяўляецца кліент. Гаворка ідзе пра прамыя атакі на кліентаў, галоўным чынам з выкарыстаннем перадавых прынцыпаў сацыяльнай інжынерыі і маніпуляцыі.

Як заявіў міністр па лічбавых тэхналогіях Кшыштаф Гаўкоўскі (Krzysztof Gawkowski), сёлетняе даследаванне, з аднаго боку, паказвае, што сярод палякаў расце ўсведамленне кіберпагроз, а з другога – выяўляе маштаб прабелы:

- Я рады, што веды і пачуццё бяспекі палякаў у інтэрнэце растуць. Гэта станоўчая навіна. З другога боку, выклікае расчараванне тое, што менш за палову палякаў, якія атрымліваюць інфармацыю ў інтэрнэце, правяраюць яе.

Даследаванне «Стаўленне палякаў да кібербяспекі» было падрыхтавана Варшаўскім банкаўскім інстытутам у супрацоўніцтве з Асацыяцыяй польскіх банкаў.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі