Усе кліенты банка Santander, чые рахункі былі ўзламаныя ў выхадныя (25 і 26 кастрычніка), ужо атрымалі назад свае грошы. Паводле слоў прэс-сакратара банкаўскай установы Монікі Навакоўскай (Monika Nowakowska), банк расследуе гэтую справу разам з паліцыяй і аператарам сеткі банкаматаў:
- Вяртанне сродкаў адбылося аўтаматычна. Кліенты не мусяць падаваць ніякіх заявак. Мы паведамілі ўсім, каго справа тычылася, пра вяртанне сродкаў на рахункі. Хачу падкрэсліць, што гэта не быў масавы інцыдэнт – ён закрануў невялікую групу, то бок некалькі сотняў кліентаў, меў рэгіянальны характар і датычыў некалькіх банкаматаў.
Паліцыя расследуе механізм, які выкарыстоўвалі злодзеі. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра скімінг – капіраванне дадзеных з плацежнай карты з дапамогай прылады пад назвай скімер, якую звычайна злачынцы ўсталёўваюць у банкаматах або плацежных тэрміналах.
Прадстаўнікі банка Santander раяць усім, хто клапоціцца пра свае зберажэнні, змяніць паролі сваіх банкаўскіх рахункаў або знізіць штодзённыя ліміты на зняцце грошай у банкаматах і ўключыць адпаведнае апавяшчэнне ў дадатку.
Нагадваем, грошы былі несанкцыянавана знятыя з рахункаў кліентаў банка – жыхароў Вялікапольскага і Куяўска-Паморскага ваяводстваў у банкаматах у розных частках краіны.
IAR/аз