Польшча і Каралеўства Саудаўская Аравія падпісалі мемарандум аб стварэнні сумеснай каардынацыйнай рады для садзейнічання больш цеснаму эканамічнаму супрацоўніцтву. Пра гэта ўчора пасля сустрэчы ў Варшаве абвясцілі міністры замежных спраў абедзвюх краін – віцэ-прэмʼер Радаслаў Сікорскі і прынц Фейсал бін Фархан Аль Сауд.
Кіраўнік польскай дыпламатыі заявіў, што ў рамках пагаднення будуць створаны спецыяльныя рабочыя групы для працы над паглыбленнем супрацоўніцтва і гандлю паміж Варшавай і Эр-Рыядам.
Радаслаў Сікорскі (Radosław Sikorski) таксама абвясціў аб падпісанні яшчэ аднаго пагаднення, якое павінна значна палегчыць кантакты паміж Польшчай і Саудаўскай Аравіяй:
- Мы заключылі таксама дамову аб адмене візавага абавязку для ўладароў дыпламатычных, прафесійных і спецыяльных пашпартоў. Паміж Польшчай і Саудаўскай Аравіяй працуюць непасрэдныя авіяспалучэнні, гэта таксама павінна паспрыяць кантактам, у тым ліку, турыстычным. Нагадваю, польскі пашпарт зараз шосты самы «моцны» пашпарт у свеце.
Прынц Фейсал бін Фархан Аль Сауд падкрэсліў, што, нягледзячы на ўжо высокі гандлёвы баланс, пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва можа даць яшчэ большыя вынікі. Менавіта гэтым будзе займацца Польска-саудаўская каардынацыйная рада:
- Нашы адносіны вельмі добрыя, але ў некаторых галінах мы бачым, што эканамічнае супрацоўніцтва даволі абмежаванае. Я лічу, што мемарандум дазволіць стварыць пастаянную кансультатыўную раду, якая прычыніцца да лепшага выкарыстання нашых эканамічных адносін і запоўніць прабелы ў супрацоўніцтве з Польшчай. Наш гандлёвы баланс расце і ў мінулым годзе дасягнуў 12 мільярдаў долараў. Мы спадзяемся, што гэтыя лічбы будуць працягваць расці.
Віцэ-прэмʼер Радаслаў Сікорскі падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прынцам Аль Саудам таксама падкрэсліў, што Саудаўская Аравія зʼяўляецца найважнейшым эканамічным партнёрам Польшчы сярод арабскіх дзяржаў і найбуйнейшым гандлёвым партнёрам на Блізкім Усходзе. Згаданая краіна адказвае за 60 працэнтаў паставак нафты ў Польшчу.
Эканоміка Каралеўства Саудаўская Аравія займае 19-е месца ў свеце, апярэджваючы польскую эканоміку, якая нядаўна паднялася на 20-е месца ў свеце.
IAR/аз