Аналітыкі задаюцца пытаннем, як крызіс на Блізкім Усходзе паўплывае на сусветную эканоміку, у тым ліку польскую. Вышэйшыя цэны на нафту і газ паўплываюць на кошт паліва на заправачных станцыях і сітуацыю ў польскай прамысловасці, лічаць эксперты. З-за сітуацыі на Блізкім Усходзе і прыпынення вытворчасці СПГ Катарам цэны на газ выраслі.
Польская кампанія Orlen запэўнівае, што пастаўкі газу ў Польшчу пакуль не знаходзяцца пад пагрозай і дэфіцыту блакітнага паліва не будзе.
Выканаўчы дырэктар кампаніі па гандлі газам Гжэгаж Буйноўскі (Grzegorz Bujnowski), заявіў, што пастаўкі з Катара складаюць прыблізна 9 працэнтаў ад агульнага гадавога попыту Польшчы:
- Гэтую колькасць газу ад Qatargas мы спакойна зможам кампенсаваць на спотавым рынку пастаўкамі з іншых кірункаў. У нас ёсць дзеля таго, як гандлёвыя, так і лагістычныя магчымасці – калі такая патрэба наогул узнікне. Гаворка ідзе пра пастаўшчыкоў з ЗША, Нарвегіі і іншых.
Гжэгаж Буйноўскі дадаў, што два танкеры з газам з Катара паспелі абысці заблакаваны Армузскі праліў і зараз плывуць у Польшчу:
- Цяпер мы чакаем інфармацыі ад Qatargas па справе чарговай партыі газу, адпраўка якой планавалася на 7-8 сакавіка і гэтая пастаўка сапраўды пад пагрозай. Калі QatarEnergy LNG паведаміць нам, што ейная рэалізацыя немагчыма, мы папоўнім яе на спотавым рынку.
Нагадваем, у выніку ізраільска-амерыканскіх нападаў на Іран і іранскіх абмежаванняў на суднаходства ў Армузскім праліве ў адказ, сусветныя цэны на нафту выраслі – кошт нафты маркі Brent часова падняўся прыкладна на 10 працэнтаў і перавысіў 82 долары за барэль.
Армузскі праліў, які заблакаваў Іран, гэта адзін з найважнейшых марскіх шляхоў, праз які праходзіць каля адной пятай сусветных паставак нафты і газу.
Увага аналітыкаў у першую чаргу сканцэнтравана на сырой нафце, але галоўны рэдактар Energetyka24.com Якуб Вех (Jakub Wiech), нагадвае, што праз Армузскі праліў праходзяць таксама іншыя тавары:
- Аналітыкі па гандлі нафтай заяўляюць, што патэнцыйны цэнавы шок можа не быць настолькі вялікім, як мы чакаем, то бок цана можа вырасці да 80-90 долараў за барэль. Аднак Армузскі праліў, гэта таксама шлях паставак угнаення, газу, паліва, прадуктаў харчавання – гэта праблемы з імі могуць адмоўна паўплываць на сусветную эканоміку.
Каб стрымаць рост цэн, вытворцы нафты, аб’яднаныя ў групе АПЕК+ абвясцілі аб павелічэнні здабычы на 206 000 барэляў у дзень з красавіка.
Аналітыкі сыходзяцца ў адным: чым даўжэй канфлікт на Блізкім Усходзе будзе працягвацца, тым большая верагоднасць яго адмоўнага ўплыву на сусветную эканоміку, у тым ліку і польскую.
IAR/аз