Беларуская Служба

Каты – рухавік рынку корму для хатніх гадаванцаў у Польшчы

03.03.2026 13:30
У мінулым годзе сярэднестатыстычны ўладальнік выдаткаваў на корм больш за 151 еўра.
Кот Aleksandr Tarlõkov/pixabay.com/CC0 Public Domain

У мінулым годзе рынак корму для хатніх гадаванцаў не пераадолеў прагназаванай мяжы ў 5 мільярдаў злотых (1,182 мільярда еўра). Наадварот, ён скараціўся з 4,9 мільярда злотых да 4,7 мільярда злотых (1,111 мільярда еўра), паведамляе выданне Puls Biznesu са спасылкай на дадзеныя, сабраныя платформай YouGov.

Паводле іх, цяпер больш за палову хатніх гаспадарак у Польшчы купляюць тавары для хатніх жывёл, але дынаміка пакупак пачынае значна дыверсіфікавацца. Растуць продажы корму для катоў.

«Колькасць пакупнікоў расце, а аб'ём продажаў павялічваецца. Аднак у выпадку з сабакамі рынак увайшоў у фазу пераацэнкі. Эксперты YouGov падкрэсліваюць, што гэта не прыкмета спаду, а хутчэй натуральны этап сталення катэгорыі», – піша «PB».

Газета падкрэсліла, што да хатніх гадаванцаў у польскіх дамах усё яшчэ ставяцца як да членаў сямʼі, і выдаткі на іх – гэта апошні этап магчымага скарачэння агульных хатніх выдаткаў.

У 2025 годзе 53% польскіх хатніх гаспадарак куплялі тавары для сабак і катоў. Іх дадавалі ў свае кошыкі ў сярэднім амаль 28 разоў на год. Сярэднестатыстычны пакупнік набыў больш за 51 кг корму і патраціў на гэта каля 640 злотых (больш за 151 еўра).

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі