Пачынаючы з сённяшняга дня (31 сакавіка), на аўтазапраўках у Польшчы дзейнічае максімальная цана на паліва, у прыватнасці яго кошт быў зніжаны больш чым на 1 злоты за літр.
Сёння кіроўцы заплацяць максімальна 6 злотых 16 грошаў за літр 95-актанавага, неэтыляванага бензіну і 7 злотых 60 грошаў за літр дызельнага паліва, пра гэта паведаміў кіраўнік Міністэрства энергетыкі Мілаш Матыка (Miłosz Motyka):
— Пачынаючы з поўначы сённяшняга дня дзейнічае максімальная цана — дакладны механізм максімальнай цаны. Гаворка ідзе пра зніжэнне падаткаў — ПДВ і акцызу — да мінімальнага ўзроўню; так, каб кіроўцы маглі гэта адчуць. У прыватнасці кошт на дызельнае паліва ўпаў на 1 злоты 20 грошаў, а столькі ж упала і цана літра бензіну 98-актанавага ў параўнанні з учорашнімі цэнамі.
Намесніца міністра фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Моніка Сікора (Monika Sikora) заявіла, што калі цэны на сусветных рынках будуць працягваць расці, урад можа ўзяць пад увагу ўвядзенне ахоўных пакетаў для розных сацыяльных груп.
— Магчыма ўзнікне такая неабходнасць, бо сітуацыя ўсё яшчэ развіваецца і нам трэба быць гатовымі да розных сцэнарыяў. Аднак, я думаю, што на дадзеным этапе яшчэ рана прапаноўваць якія-небудзь канкрэтныя рашэнні, бо, што будзе далей — невядома. Урад, безумоўна, будзе рыхтавацца і разглядаць розныя сцэнарыі для падтрымкі тых груп, якія найбольш пацярпяць ад паліўнага крызісу.
Максімальныя цэны на паліва на наступны дзень Міністэрства энергетыкі будзе аб'яўляць штодня каля поўдня. Яны будуць разлічвацца на аснове сярэдніх аптовых цэн ад пяці найбуйнейшых пастаўшчыкоў паліва.
Аператары аўтазаправак будуць дадаваць да іх паліўны збор, нацэнку да 30 грошаў за літр, а таксама зніжаныя стаўкі ПДВ і акцызу.
Прадаўцы, якія перавысяць максімальную цану, могуць быць аштрафаваны на суму да 1 мільёна злотых.
Зніжаны акцызны падатак на паліва будзе дзейнічаць, як мінімум, да канца красавіка, а зніжаны ПДВ — да 15 красавіка.
Новыя правілы зʼяўляюцца часткай пакета «Ніжэйшыя цэны на паліва» — скарочана CPN, які ўрад прыняў на мінулым тыдні пад гэтай назвай. Дарэчы, абрэвіятура CPN набліжаецца да польскай паліўнай кампаніі часоў ПНР.
IAR/аз