За тры месяцы дзеяння сістэмы дэпазіту на ўпакоўку палякі вярнулі ў пункты збору больш за паўмільярда ўпаковак. Намесніца міністра клімату і навакольнага асяроддзя Аніта Савіньска (Anita Sowińska) кажа, што дзякуючы сістэме мяняюцца звычкі спажыўцоў.
— Пра гэта сведчаць канкрэтныя лічбы. Ад пачатку года мы сабралі каля 520 мільёнаў упаковак. У сярэдзіне сакавіка мы паведамлялі пра 300 мільёнаў сабраных упаковак. Гэта сведчыць пра выразны прагрэс — цягам двух тыдняў мы сабралі на 66 працэнтаў упаковак больш, — заявіла віцэ-міністр Аніта Савіньска.
Нагадаем, крамы плошчай больш за 200 квадратных метраў абавязаны прымаць упакоўку з адмысловай паметкай — гэта прастакутнік са стрэлкамі, унутры якога выразна пазначана, колькі складае залог.
Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя падлічыла, што прыблізна 78 працэнтаў упакоўкі збіраецца пры дапамозе адмысловых аўтаматаў. Да гэтай пары палякі кінулі ў іх 404 мільёны пластыкавых бутэлек і алюмініевых банак.
Калі ў краме няма адмысловага аўтамата або ён не працуе па нейкай прычыне, прадавец павінен уручную прыняць упакоўку і вярнуць кліенту дэпазіт.
Паводле ведамства, амаль палова пунктаў збору ўпаковак у Польшчы працуе ў невялікіх крамах.
IAR/аз