Беларуская Служба

48 гадоў таму ў Польшчы пачалі выпускаць «Паланэз». Легендарнае аўто пастаўлялі нават у Новую Зеландыю! (ФОТА/ВІДЭА)

03.05.2026 06:02
За ўвесь перыяд вытворчасці было выпушчана больш за 1 млн аўтамабіляў.
Аўдыё
  • 48 гадоў таму ў Польшчы пачалі выпускаць «Паланэз». Легендарнае аўто пастаўлялі нават у Новую Зеландыю!
  (FSO Polonez)  1978 .
Аўтамабіль «Паланэз» (FSO Polonez) вытворчасці 1978 года. commons.wikimedia.org/Goldrs/CC BY-SA 4.0

48 гадоў таму Варшаўскі завод легкавых аўтамабіляў пачаў серыйную вытворчасць легкавога аўтамабіля «Паланэз». Назву машыны выбралі чытачы газеты «Życie Warszawy» падчас агульнапольскага апытання. «Паланэз» быў распрацаваны з улікам правіл бяспекі (маюцца на ўвазе зоны дэфармацыі), што зрабіла яго адным з самых бяспечных еўрапейскіх аўтамабіляў. Вытворчасць легендарнага аўто закончылася 22 красавіка 2002 года. 

Аўтамабіль «Паланэз» (FSO Polonez) паступіў у серыйную вытворчасць 3 мая 1978 года. Агулам цягам 24 гадоў было выпушчана 1 061 807 аўтамабіляў розных варыянтаў.

Мала вядомы факт, але кузаў «Паланэза» быў распрацаваны вядомым італьянскім стылістам Джарджэта Джуджара са студыі Italdesign у 1970-х гадах. Джуджара — аўтар вонкавага праекту шматлікіх мадэляў аўто, якія сталі іконамі сусветнага аўтамабілебудавання. Дарэчы, «Паланэз» называюць самым яскравым аўтамабілем у гісторыі польскага аўтапраму.

Па адной з версій, кампанія Italdesign аддала палякам першапачатковы варыянт знакамітага аўтамабіля «Лянча Дэльта», які не прынялі самі італьянцы. Як бы там не было, італьянскія карані ў знешнасці польскай навінкі бачылі не толькі спецыялісты.

Увогуле гісторыя «Паланэза» пачынаецца ў 1972 годзе, калі ўлады ПНР прынялі рашэнне пачаць выпуск новага аўто ў якасці замены машына Polski Fiat 125p. Першапачаткова ў праект былі заангажаваныя італьянскія інжынеры, гаворыць аўтаэксперт Томаш Шыдляк.

 Першапачаткова праект называўся 125PN, што азначала «polacco nuova»  «польскі новы». У 1976 годзе ў Польшчу прыбыў першы экзэмпляр «Паланэза», выраблены ў Італіі. У той час у Варшаве адбывалася пашырэнне аўтазавода. А ў маі 1978 года пачалася серыйная вытворчасць аўтамабіля.

Новы тып кузава ў сярэдзіне сямідзясятых гадоў лічыўся перспектыўным, актуальным і модным. Бо ён спалучаў у сабе перавагі седана і ўніверсала, але пры гэтым забяспечваў лепшую аэрадынаміку і адрозніваўся дынамічным сілуэтам.

«Паланэз» у Варшаўскім музеі тэхнікі. Крыніца: Shutterstock.com/OleksSH «Паланэз» у Варшаўскім музеі тэхнікі. Крыніца: Shutterstock.com/OleksSH

Нягледзячы на практычна вертыкальны перадок і даволі вострыя грані, дзякуючы мінімуму элементаў, якія выступалі, і дбайнай працы італьянскіх мастакоў «Паланэз» адрозніваўся выдатнай аэрадынамікай.

Больш за тое, дзякуючы прапрацаванай канструкцыі польскі «Паланэз» быў адным з самых бяспечных еўрапейскіх аўтамабіляў тых гадоў, а з сацыялістычнымі канкурэнтамі накшталт гэдээраўскага «Вартбурга», чэшскіх заднематорных «Шкодаў» ці савецкіх «Жыгулёў» і параўноўваць няма чаго. Бо ў польскага аўтамабіля ў канструкцыю першапачаткова былі закладзеныя шырокія энергапаглынальныя зоны з запраграмаванай дэфармацыяй кузаўных элементаў, што забяспечвала адпаведнасць самым высокім нормам бяспекі, у тым ліку паўночнаамерыканскім.

Палякі пры стварэнні новай мадэлі сур'ёзна нацэліліся на знешнія рынкі. Менавіта таму супрацьударныя бамперы «Паланэза» былі выкананыя з трывалага пластыку і вытрымлівалі сутыкненні на невысокіх хуткасцях наогул без усялякіх пашкоджанняў. Акрамя таго, машына атрымала адмысловы пояс бяспекі мэта якіх — зменшыць пашкоджанні вертыкальных кузаўных панэляў.

Панэль «Паланэз» 1980 года выпуску. Крыніца: commons.wikimedia.org/Goldrs/CC BY-SA 4.0 Панэль «Паланэз» 1980 года выпуску. Крыніца: commons.wikimedia.org/Goldrs/CC BY-SA 4.0

«Паланэз» меў таксама шматлікія сучасныя навінкі як на тыя часы. Так, у аўто былі рэгуляваная рулявая калонка, тахометр, кварцавы гадзіннік і электрычны абагрэў задняй шыбы з ачышчальнікам. Адным словам, па ўзроўні абсталявання польскі аўтамабіль не саступаў прадукцыі капіталістычнага аўтапрама тых гадоў.

Дзясяткі тысяч асобнікаў гэтых аўтамабіляў былі пастаўленыя ў Вялікабрытанію, якая стала другім экспартным рынкам пасля Кітая. Акрамя таго, «Паланэзы» прадаваліся ў такіх капіталістычных краінах, як ФРГ, Фінляндыя, Іспанія, Нідэрланды, Італія і Грэцыя, а таксама ў шэрагу лацінаамерыканскіх дзяржаў: Калумбія, Аргенціна, Балівія і Чылі. Польскія машыны пастаўлялі нават у Новую Зеландыю!

«Паланэз» таксама выканаў галоўную ролю ў папулярным польскім дэтэктыўным серыяле «Дакладзі, 07», які здымаўся ў 1976-1987 гадах. Галоўны герой, паручнік польскай міліцыі Славамір Барэвіч ганяўся за злачынцамі менавіта на «Паланэзе».

На самым пачатку на машыны ставілі італьянскія рухавікі, пазней пачалі выкарыстоўваць айчынныя. «Паланэз» праектаваўся і выпускаўся як гэтчбэк, і толькі ў 1994 годзе быў выпушчаны ўніверсал, які, аднак, не карыстаўся вялікім зацікаўленнем пакупнікоў. Дарэчы, аўтамабілі выпускалі ў некалькіх версіях камплектацыі, што было нечым незвычайным як на краіны сацыялістычнага лагеру.

У 1980 годзе ў сувязі з эканамічнымі праблемамі стандарт «Паланэзаў» крыху знізіўся, але і так на машыне вышэйшай камплектацыі можна было ўбачыць квадратныя фары (стандартныя былі круглыя), шырокія колы і лепшыя дыскі, задні спойлер, лепшы радыёпрыёмнік і праграматар лабавых шчотак. Адным словам, «Паланэз» быў вялізнай марай польскіх сем’яў, і не толькі польскіх, бо ў 1980 годзе пачынаецца зборка машын з польскіх машынакамплектаў у Егіпце, якая працягвалася да 1992 года.

У 1983 і 1985 гадах былі праведзеныя глыбейшыя мадэрнізацыі «Паланэза», а ў 1979 годзе быў выпушчаны трохдзверны экзэмпляр. Агулам завод пакінула каля 200 экзэмпляраў згаданай версіі, і цяпер такія аўто – гэта проста самародкі, якіх шукаюць аўтакалекцыянеры.

«Паланэз» з 1996 года. Крыніца: commons.wikimedia.org/Goldrs/CC BY-SA 4.0 «Паланэз» з 1996 года. Крыніца: commons.wikimedia.org/Goldrs/CC BY-SA 4.0

Чарговыя мадэрнізацыі мелі месца ў 1986, 1987, 1989 і 1993 гадах. У 1997 годзе завод быў куплены карэйскім канцэрнам Daewoo, і на жаль, гэтую дату можна лічыць пачаткам канца «Паланэза». Спачатку аўтамабілі былі выцесненыя з замежных рынкаў, пазней пачалі прайграваць канкурэнцыю ў Польшчы ў сувязі з разнастайнасцю даступных марак, а ў канцы канцэрн Daewoo збанкрутаваў. На момант спынення вытворчасці «Паланэза» аўтамабіль быў ужо састарэлым, гаворыць былы дырэктар Музею аўмапрамысловасці і тэхнікі Пётр Мады.

- У канцы вытворчасці «Паланэза» ён быў ужо састарэлай мадэллю ў параўнанні з іншымі заходнімі аўто. Рухавік гучна працаваў, шмат паліў, не быў надзейны, часта нешта падцякала. Тармазы таксама не былі моцным бокам. Але нават у тыя часы «Паланэз» лічыўся сучасным аўтамабілем у параўнанні з машынамі савецкай ці расійскай вытворчасці.

«Паланэз» выпускаўся таксама як спецтэхніка: завод вырабляў аўтамабілі для міліцыі (пазней паліцыі), медыцынскіх службаў, пажарнікаў, дзяржаўных чыноўнікаў, быў нават «Паланэз» кемпер.

Машынай хуткай дапамогі на базе «Паланэза». Крыніца: commons.wikimedia.org/CZmarlin — Christopher Ziemnowicz/грамадскі набытак Машына хуткай дапамогі на базе «Паланэза». Крыніца: commons.wikimedia.org/CZmarlin — Christopher Ziemnowicz/грамадскі набытак

А ў палове 1990-х гадоў спецыяльнай версіяй «Паланэза» перамяшчаўся тагачасны прэм’ер-міністар Вальдэмар Паўляк, які такім чынам вырашыў рэкламаваць айчынную аўтамабілебудаўнічую прамысловасць.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу