Да 2035 года польская чыгунка павінна быць падобнай да швейцарскай. Міністэрства інфраструктуры і кіраўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порту (CPK – поль.), які зараз распрацоўваецца, абвясцілі расклад, у якім цягнікі будуць хадзіць часта і рэгулярна, дасягаючы кожнага рэгіёна ў краіне і забяспечваючы зручныя перасадкі.
Цэнтральны камунікацыйны порт (CPK) — гэта буйны транспартны вузел у 40 кіламетрах ад Варшавы, які аб'ядноўвае тры ключавыя часткі: авіяцыю, чыгунку і аўтамабільныя дарогі.
Пра перавагі распрацаванага «Гарызантальнага раскладу», кажа намеснік міністра інфраструктуры Пётр Малепшак.
— У гэтым раскладзе адлюстроўваецца наш план па развіцці чыгуначных злучэнняў далёкага накіравання, арганізацыі пасажырскіх перавозак у рэгіёнах з выкарыстаннем рэгіянальных чыгуначных аператараў і гарадской чыгункі, а таксама па развіцці чыгуначнай інфраструктуры, у якой ужо сёння назіраюцца ўсё большыя праблемы з прапускной здольнасцю.
Намеснік старшыні Цэнтральнага камунікацыйнага порта Пётр Рахвальскі сказаў, што «Гарызантальны расклад» азначае зручнасць выкарыстання для падарожнікаў:
— Пастаянныя маршруты, зручныя перасадкі з дзвярэй у дзверы на адным пероне асноўных спалучэнняў. Мы да гэтага імкнёмся, мы хочам сцерці дрэнныя ўспаміны мінулых гадоў, калі цягнікі хадзілі вельмі рэдка — некалькі разоў у суткі, і калі цягнік спазніўся, пасажырам прыходзілася чакаць на наступны некалькі гадзін.
«Гарызантальны расклад» быў распрацаваны на аснове вопыту, у тым ліку, Швейцарыі і Аўстрыі. Да 2035 года цягнікі павінны даходзіць у кожны рэгіён Польшчы.
IAR/яс
Слухайце эфірны выпуск перадачы «Пульс польскай эканомікі»