Міністэрства фінансаў пакуль не плануе аднаўляць праграму Ceny Paliw Niżej (CPN) (цэны паліва ніжэй). Яна спыніла дзейнічаць у пачатку гэтага месяца.
Падчас дзеяння праграмы ўрад усталёўваў максімальныя цэны на бензін АІ-95, АІ-98 і дызельнае паліва, вышэй за якія аўтазаправачныя станцыі не маглі прадаваць паліва.
Міністр фінансаў Анджэй Даманьскі адзначыў, што праграма была ўведзена ў той час, калі сусветныя цэны на нафту перавышалі 100 долараў за барэль, а цяпер трымаюцца на ўзроўні каля 80–90 долараў.
— Мы пастаянна аналізуем сітуацыю на Блізкім Усходзе, сочым за коштамі нафты, за перапрацоўчымі маржамі, а таксама за дэфіцытам асобных відаў паліва на еўрапейскіх і сусветных рынках. Нам вядома, што асабліва складаная сітуацыя цяпер назіраецца на рынку дызельнага паліва. Мы павінны весці адказную бюджэтную палітыку. Калі цэны на нафту былі фактычна на сваім піку, мы прынялі адпаведныя рашэнні і падрыхтавалі праграму падтрымкі.
Прэмʼер-міністр Дональд Туск таксама выказаўся наконт магчымага вяртання праграмы «CPN». Ён падкрэсліў, што магчымасці дзяржаўнага бюджэту «маюць свае межы».
Паводле яго слоў, урад з самага пачатку папярэджваў, што гэта будзе часовая мера.
— Мы і так працягнулі яе дзеянне і доўгі час утрымлівалі самыя нізкія цэны на паліва ў Еўропе, — адзначыў кіраўнік польскага ўрада.
У межах праграмы «CPN» дзейнічала паніжаная стаўка ПДВ на бензін і дызельнае паліва, а таксама ўсталёўваліся максімальныя рознічныя цэны на гэтыя віды паліва.
Міністэрства фінансаў паведамляла, што агульны кошт праграмы «CPN» склаў больш за 1 мільярд еўра (4,7 мільярда злотых).
Сітуацыя на рынку паліва застаецца нестабільнай з-за вайны ЗША і Ізраіля супраць Ірана і Лівана.
У панядзелак Іран паведаміў пра атакі на амерыканскія абʼекты на Блізкім Усходзе і пра выбухі танкераў у Армузскім праліве.
IAR/яс