Гэтай восенню яблыкі з Польшчы можна будзе купіць на Філіпінах. Міністр сельскай гаспадаркі і развіцця сельскіх раёнаў Стэфан Краеўскі (Stefan Krajewski) абвясціў аб выхадзе польскай прадукцыі на новы рынак.
— Яблыкі, найбуйнейшым вытворцам якіх у Еўропе і другім найбуйнейшым у свеце з’яўляецца Польшча, мы хочам пастаўляць у розных напрамках, і гэты азіяцкі рынак адыгрывае тут значную ролю, — заявіў міністр.
Стэфан Краеўскі, які прысутнічаў на філіпінскай харчовай выставе «World Food Expo» (WOFEX) у Маніле, сказаў, што некаторыя польскія прадукты ўжо добра вядомыя ў рэгіёне. Падчас сёлетняга мерапрыемства, якое праходзіла з 29 ліпеня па 1 жніўня, быў арганізаваны першы ў гісторыі польскі нацыянальны стэнд.
— Цешыць, што, напрыклад, на Філіпінах ужо вядомае польскае малако. Тамтэйшыя спажыўцы ведаюць і цэняць польскія прадукты. Мы чуем, напрыклад, пра польскія каўбасы «кабаносы». Гэта абнадзейвае, таму што польскія прадукты харчавання сапраўды становяцца пазнавальным брэндам, — кажа Стэфан Краеўскі.
Філіпінскі рынак — гэта больш за 120 мільёнаў спажыўцоў. Попыт на харчовыя прадукты ў згаданай краіне расце па меры развіцця Філіпінаў.
IAR/аз