Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Урад рыхтуе новы фінансавы інструмент, ад якога не будуць забіраць падатак

11.08.2026 15:23
Польскі ўрад рыхтуе «Асабісты інвестыцыйны рахунак» (Osobiste Konto Inwestycyjne скарочана OKI).
Andrzej Domański
Andrzej DomańskiCezary Piwowarski/Polskie Radio

Гэта новы від ашчадна-інвестыцыйнага рахунку. Ён павінен палегчыць фізічным асобам назапашванне і павелічэнне зберажэнняў у абыход традыцыйнага падатку на даходы ад капіталу, так званага падатку Белкі, у межах вызначанага ліміту.

Міністр фінансаў Анджэй Даманьскі падкрэслівае, што ўвядзенне «Асабістага інвестыцыйнага рахунку» не зʼяўляецца рашэннем, якое будзе карысна выключна найбагацейшай частцы грамадзян. Яно прызначана для людзей, якія хочуць сістэматычна назапашваць зберажэнні.

Анджэй Даманьскі нагадаў, што са студзеня інвестыцыі да 100 тысяч злотых (24 тысячы еўра) будуць цалкам вызваленыя ад падатку.

— Гэты новы фінансавы інструмент не нясе карысцяў толькі для вузкай групы найбольш заможных інвестараў. Гэта рашэнне распрацавана перш за ўсё для людзей, якія сістэматычна ствараюць свой капітал і хочуць рабіць гэта на больш выгадных умовах, чым сёння. Такая сістэматычнасць у ашчаджанні мае абсалютна ключавое значэнне. Гэта рашэнне дазволіць большай частцы заробленага прыбытку заставацца ў тых, хто інвестуе.

Міністр фінансаў дадаў, што большая колькасць палякаў, якія ашчаджаюць і інвестуюць, азначае больш моцную эканоміку.

— Больш капіталу зможа трапіць у прадпрыемствы, якія развіваюцца. Больш інавацыйных праектаў зможа атрымаць фінансаванне. Менавіта гэтага мы і хочам дасягнуць. Больш польскіх кампаній зможа хутчэй развівацца і больш эфектыўна канкураваць на сусветных рынках.

Асабісты інвестыцыйны рахунак (OKI) — гэта ідэя, заснаваная на рашэнні, якое добра спрацавала ў Швецыі.

У рамках OKI можна будзе інвеставаць без падатку да 100 тысяч злотых, у тым ліку ў акцыі і інвестыцыйныя фонды. Для ашчадных актываў, такіх як банкаўскія дэпазіты і ашчадныя дзяржаўныя аблігацыі, падатковая льгота будзе дзейнічаць да 25 тысяч злотых (каля 6 тысяч еўра).

Згодна з урадавай працэдурай і графікам парламенцкай працы, новыя правілы плануецца ўвесці ў дзеянне з 1 студзеня 2027 года.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі