«Нас паступова зацягвае ў багну»
Часта можна пачуць, што ўжо шмат гадоў усе прадказваюць, што беларуская эканоміка хутка ляснецца, а яна, маўляў, жывее ўсіх жывых. Што вы як дасведчаны эканаміст можаце сказаць?
— Гэта таму, што пад словам «ляснецца» людзі разумеюць абвал эканомікі, калі ўзровень дабрабыту імгненна зніжаецца ў разы, калі скачуць цэны. Гэта, напэўна, ідзе яшчэ з 90-х. То-бок атаясамленне эканамічных праблем з вельмі хуткім зніжэннем дабарабыту, інфляцыйным скачком, скачком абменнага курсу. Гэта такі распаўсюджаны стэрэатып.
Але гэта зусім не адпавядае таму, што вачыма эканаміста з’яўляецца прыкметай кепскага эканамічнага становішча. Самы галоўны паказчык — гэта ўзровень дабрабыту на доўгіх прамежках часу.
І адпаведна, наколькі краіна можа развівацца, наколькі яна рэалізуе свой патэнцыял. Калі паглядзець на Беларусь, то мы ўбачым, што нас паступова зацягвае ў багну. Мы ў гэтай багне паступова тонем.
Вось проста лічбы, якія я даволі часта прыводжу. Паказчык, на які я буду абапірацца, гэта ВУП на душу насельніцтва паводле так званага парытэту пакупніцкай здольнасці (ППЗ)
Для даведкі: згодна з тэорыяй аб парытэце пакупніцкай здольнасці на адну і тую ж суму, пералічаную па бягучым курсе ў нацыянальныя валюты, у розных краінах свету магчыма набыць адну і тую ж колькасць тавараў і паслуг пры адсутнасці транспартных выдаткаў і абмежаванняў па перавозцы).
Калі казаць простымі словамі, то гэта самы аб'ектыўны, самы інфарматыўны паказчык узровню жыцця. Напрыклада, даволі часта можна пачуць, што, маўляў, у Літве і Польшчы вышэйшыя кошты на жытло і камунальныя паслугі. Дык вось гэты паказчык якраз усё ўлічвае. І ён дае магчымасць параўноўваць фактычны ўзровень жыцця паміж некалькімі краінамі.
І вось мы бярэм узровень дабрабыту ў Беларусі, напрыклад, у параўнанні з Польшчай. На піку мы былі прыкладна ў 2011–2012 гадах, і сярэдні беларус тады жыў прыкладна на 80–85 адсоткаў ад узроўню жыцця сярэдняга грамадзініна Польшчы ці Літвы.
Што адбываецца за апошнія 15–16 гадоў? Фактычна сёння мы можам сказаць, што сярэднестатыстычны беларус у два разы бяднейшы за сярэднестатыстычнага літоўца, а ў дачыненні да паляка, то 57–60 адсоткаў складае наш узровень дабрабыту.
То-бок, адпаведна, яшчэ раз падкрэслю — нас паступова зацягвае ў багну.
«Праз 10-15 гадоў мы будзем як Куба»
— Яшчэ прывяду больш яскравыя прыклады з сусветнай гісторыі. Каб было зразумела, у якім кірунку мы рухаемся.
Куба да рэвалюцыі Кастра была па мерках рэгіёна даволі багатая эканоміка. І сёння яшчэ можна пабачыць парэшткі былой раскошы — прыгожыя машыны, раскошныя будынкі і гэтак далей. Але дзе зараз знаходзіцца Куба ў сваім эканамічным развіцці? Хаця там і не было нейкага аднаго абвальнага эпізоду. Фактычна на працягу 70 гадоў адбываўся шлях у нікуды. Тое ж Албанія — прыклад адсутнасці росту. Краіна проста застаецца ва ўчорашнім дні.
Сёння мы можам сказаць, што знаходзімся фактычна недзе ў 2010 годзе, з той пары мы не развіваемся, а свет пайшоў далей. Хаця гэтая розніца яшчэ не крытычная. А ў параўнанні з намі ўчорашнімі, мы нават крыху расцем. Але мы павінны былі значна вырасці за гэты перыяд. А праз 15–20 год, калі нічога не зменіцца, адчуванні будуць такія ж, як з Кубай. І мы будзем глядзець на парэшткі былой раскошы, што засталася з 2010-га.
Вось прыкладна такая зараз сітуацыя з эканомікай. Але ў масавай свядомасці адчування гэтай багны няма. Кошты растуць, але скачка няма, мы, здаецца, не бяднейшыя, чым учора. Скачка валютнага курса няма. І здаецца, усё няблага.
Што яшчэ важна разумець. Апошнія некалькі гадоў вельмі імкліва растуць заробкі. Гэта — адлюстраванне недахопу кадраў: і на фоне кепскай дэмаграфіі, і на фоне эміграцыі апошнія 5-6 гадоў. Такім чынам, прадпрыемствы гэтыя пяць гадоў скарачаюць свой прыбытак, але насуперак фінансавай логіцы падвышаюць заробкі. Гэта не можа працягвацца бясконца. Гэта асобная тэма, я не буду зараз у яе паглыбляцца.
Для людзей гэта стварае ілюзію, што ўсё добра. І мы бачым, што паказчыкі спажывецкага аптымізму, спажывецкіх настрояў даволі добрыя. Але гэта не адпавядае фундаментальным характарыстыкам эканомікі. І ў пэўны момант настане пахмелле.
«Беларусі — Еўрапейскі Саюз»
Калі зменіцца ўлада, як нам тады ўсё адбудоўваць. Як выходзіць з гэтай багны?
— Да 2019 года такім негалосным кампрамісам паміж дэмакратычнымі сіламі і кіроўнымі элітамі было імкненне зрабіць такую беларускую Швейцарыю. То-бок мы як бы сябруем з усімі эканамічна. Будуем нешта накшталт высокатэхналагічнага грамадства, у нас будзе канцэнтравацца тэхналогія і мы за кошт гэтага будзем расці.
Зараз я разумею, што і тады гэта была ілюзія, але да 2019 года гэта здавалася больш-менш рэалістычным. Па меншай меры, мы не выглядалі ворагам, не былі такім таксічным партнёрам для развітага свету.
Але сёння бачна, што гэта абсалютна нерэалістычна. Чаму? Па-першае, немагчыма пабудаваць сучасную эканоміку на каштоўнасна-інстытуцыйных падмурках, якія нам засталіся ў спадчыну ад Савецкага Саюза.
І гэта вельмі добра дэманструе прыклад суседніх краін. Там, дзе хутчэй усталёўваліся еўрасаюзаўскія інстытуцыйныя механізмы, там хутчэй і пайшоў працэс. Гэта, канечне, не кажа, што немагчыма пабудаваць нешта новае зусім. Але ў нашых варунках з назапашанай спадчынай Савецкага Саюза і Расійскай імперыі гэта даволі цяжка зрабіць. Ну і нашто вынаходзіць ровар, калі гэты ровар ужо даўно існуе.
Па-другое, і гэта вынікае з таго, што Беларусь, стаўшы суагрэсарам Расіі, сёння ўспрымаецца як вельмі таксічны партнёр. Таму ніякія тэхналогіі, ніякае супрацоўніцтва не пойдзе, пакуль Беларусь не будзе атаясамлівацца з развітым светам. І ніякімі паўмерамі гэта сёння зрабіць немагчыма. Канцэпцыя — «я буду сябраваць з усімі і буду спрабаваць заставацца эканамічна прывабным для ўсіх» — больш не спрацуе.
Толькі жорсткая прывязка да аднаго з полюсаў можа спрацаваць. А ў нашым выпадку альтэрнатывы няма — гэта можа быць толькі Еўрапейскі Саюз. Гэта і шлях да выжывання і адначасова шлях да развіцця.
Мне падаецца, гэта вялікая памылка беларускай эліты, што для нас гэта не стала аксіомай, як для ўкраінцаў, напрыклад.
Як там ў бальшавікоў: «Фабрыкі — рабочым, зямлю — сялянам»? Вось такім лозунгам на дадзены момант з’яўляецца: «Беларусі — Еўрапейскі Саюз».
А ўжо што за гэтым стаіць, напрыклад, у сферы інавацый, эканамічнай палітыкі, адукацыі, спажывецкага рынку — гэта мы ўжо можам абмяркоўваць у дэталях, калі будзем глядзець на адпаведныя дакументы.
«Ты фактычна сваімі рукамі будзеш будаваць будучыню сваёй краіны»
— Ці можаце вы спрагназаваць у выпадку арыентацыі на ЕС, як доўга Беларусі выбірацца з той багны, у якую яе зацягнуў за 32 гады Лукашэнка?
— Каля дзесяці–пятнаццаці гадоў, гэта такі нейтральны сцэнар. Але калі дапусціць нейкі геапалітычны шок накшталт 90-х, Расія развальваецца і ідзе актыўна перабудова, то можа і хутчэй. А калі дапусціць, што мы паспеем у адзін вагон разам з Украінай, Малдовай і Заходнімі Балканамі, то і значна хутчэй. Магчыма, нам спатрэбіцца гадоў сем-восем.
Калі гэтага не будзе, то ад моманту дэмакратызацыі, калі мы не проста лозунг агучым, а прымем гэта на ўзроўні закона і запусцім механізмы інтэграцыі з ЕС, выхаду з Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, трэба адлічваць дзесьці 15 гадоў.
І гэтыя 15 гадоў, з аднаго боку, гэта такі прамежкавы перыяд, а з другога, (і мы можам бачыць на прыкладзе Польшчы і Літвы) гэта будзе перыяд даволі дынамічнага развіцця. Фактычна на вачах генерацыі, якая зараз жыве, будзе бачна, як ператвараецца краіна. У гэты час ты фактычна сваімі рукамі будзеш будаваць будучыню сваёй краіны. І рост эканомікі ў гэты перыяд будзе даволі імклівы.
Самы негатыўны сцэнар — калі зноў трапім у каляіну невызначанасці. Тут прыкладам можа быць Грузія. Усім здавалася, што Грузія стаіць на рэйках еўраінтэграцыі настолькі трывала, што ўжо ніколі не зверне з гэтага шляху. Але бачыце, што там зараз. Пасля імклівага росту краіна фактычна спынілася ў сваім развіцці. Калі Беларусь пойдзе па гэтым шляху, то можа спатрэбіцца і дваццаць, і трыццаць гадоў.
Але на 99 адсоткаў я веру, што пры сваім жыцці пабачу Беларусь сябрам Еўрапейскага Саюза.
«Эміграцыя — вельмі важная перавага Беларусі»
Ці могуць паскорыць працэс выхаду з крызісу тыя людзі, якія выехалі з краіны і зараз жывуць у ЕС? Людзі, якія б хацелі інвеставаць у Беларусь і рабіць нешта на яе карысць?
— Адназначна, так, і гэта вельмі важная перавага Беларусі. Мы на гэта можам глядзець з дзвюх перспектываў. Першая: тыя, хто мае бізнес-досвед у Еўропе — гэта наўпрост чалавечы капітал. Гэта людзі, якія могуць свой назапашаны досвед, тэхналогіі, капітал інвеставаць і пашыраць свой бізнес на Беларусь. Яны могуць выступаць інвестарамі ці ментарамі ў новыя бізнесы — гэта агромістая крыніца чалавечага капіталу.
Другая — гэта проста людзі з досведам працы ў ЕС. Яны можа і несвядома, але будуць носьбітамі іншай ментальнасці. Яны ўжо ведаюць, як працуюць нармальныя механізмы, што да іх на працы ставяцца з павагай, што начальнік не скажа: «ты — ніхто і ідзі адсюль». То-бок яны будуць трансляваць зусім іншы досвед, пераносіць яго ў Беларусь.
Зразумела, што не ўсе вернуцца. Але тыя, хто застанецца, яны будуць выспамі беларускіх эмігрантаў, філіяламі Беларусі ў ЕС. Гэта з дэмакратычнага пункту гледжання, канечне, мінус. І гэта будзе даволі істотны выклік нашага далучэння да ЕС. Але з пункту гледжання нашых двухбаковых стасункаў з краінамі Еврасаюза гэтыя філіялы Беларусі могуць стаць кропкамі апоры ў ЕС.
Дзякуй за размову. Будзем спадзявацца на аптымістычны сцэнар.
Гутарыла Аксана Колб