Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Кожны трэці работнік у Польшчы працуе звышурочна без аплаты

10.11.2026 09:15
Такія вынікі даследавання «Людзі на працы — 2026».
Ілюстрацыйны здымакpixabay.com/Janno Nivergall

Амаль кожны трэці работнік у Польшчы праводзіць на працы як мінімум шэсць дадатковых гадзін на тыдзень, за якія не атрымлівае ніякай аплаты. А кожны дзявяты працуе бясплатна больш за 16 гадзін на тыдзень — гэта ў сярэднім больш за дзве гадзіны штодня.

Такія вынікі даследавання «Людзі на працы — 2026». Праблема найбольш закранае маладых супрацоўнікаў, а таксама людзей, занятых на прадпрыемствах сярэдняга памеру.

Між тым польскае заканадаўства адназначна вызначае: звышурочная праца павінна кампенсавацца, а нявыплата належнага заробку з'яўляецца парушэннем закона.

Згодна з Працоўным кодэксам Польшчы, за кожную звышурочную гадзіну работніку належыць звычайная аплата, а таксама адпаведная надбаўка. Пра гэта нагадвае Аляксандра Загаеўская (Aleksandra Zagajewska) з Цэнтра кансультавання Дзяржаўнай інспекцыі працы.

— Калі працадаўца прымае рашэнне даручыць работніку працу ў звышурочны час, ён павінен улічваць таксама абавязак разлічыцца за гэтую дадатковую працу. Альбо ён прадаставіць за гэты час іншы вольны час, альбо выплаціць заробак разам з адпаведнай надбаўкай. Калі гэта звычайны працоўны дзень супрацоўніка і ён проста застаецца на працы даўжэй, то, як правіла, надбаўка складае 50 працэнтаў. А калі ён прыходзіць на працу ў выходны дзень, у нядзелю ці ў святочны дзень, то надбаўка складзе 100 працэнтаў.

Што рабіць, калі працадаўца не плаціць за дадатковыя гадзіны?

Работнік можа звярнуцца ў суд па працоўных справах альбо падаць скаргу ў Дзяржаўную інспекцыю працы. Пры гэтым скарга павінна быць падпісаная — ананімныя звароты інспекцыя не разглядае.

Кожны з гэтых спосабаў мае свае перавагі і недахопы. Тлумачыць юрыст, эксперт у галіне працоўнага права Марцін Станэцкі (Marcin Stanecki).

— Перавагай судовага шляху з'яўляецца магчымасць спагнання працэнтаў. Іншы шлях, які патрабуе ад работніка найменшых намаганняў, — гэта падача скаргі ў Дзяржаўную інспекцыю працы. Але ў гэтым выпадку разлічваць на працэнты мы не можам, паколькі інспектар працы не мае такога права. Разгляд справы ў судзе па працоўных справах мае свой плюс — гэта працэнты, але мінусам з'яўляецца працягласць судовых працэсаў. Трэба ўлічваць, што такі працэс можа доўжыцца некалькі месяцаў, а нават некалькі гадоў.

Дзяржаўная інспекцыя працы павінна правесці праверку на працягу месяца пасля падачы скаргі.

Калі высветліцца, што працадаўца сапраўды парушыў закон і не выплаціў заробак або надбаўку за звышурочную працу, яму пагражае штраф. Мінімальны штраф складае 2000 злотых. А калі мы маем справу з працадаўцам, які паўторна парушае закон, то максімальны штраф складае ажно 10 тысяч злотых.

Варта падкрэсліць, што хоць скарга ў Інспекцыю працы не можа быць ананімнай, інспектар абавязаны захоўваць канфідэнцыяльнасць асобы, якая звярнулася са скаргай на працадаўцу.

Такім чынам, польскае заканадаўства дае работнікам інструменты абароны сваіх правоў. Галоўнае — ведаць пра іх і не баяцца імі карыстацца.

PR1/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі