Начныя тэмпературы ў Польшчы ўсё часцей апускаюцца ніжэй за нуль. Гэта азначае, што аўтамабілістам ужо самы час падумаць пра замену летніх шын на зімовыя.
У аўтасэрвісах цяпер сапраўдны ажыятаж. У некаторых майстэрнях чарга на замену шын расцягнулася нават на месяц.
Аднак ёсць і добрая навіна для кіроўцаў: самі шыны ў параўнанні з мінулым годам практычна не падаражэлі.
Пра сітуацыю на рынку расказвае Славамір Гвяздоўскі з «Польскага саюза шынных сэрвісаў».
— У гэтым сезоне шыны ў асноўным не падаражэлі ў параўнанні з мінулым годам ці нават з тым, што было два гады таму. Такую 16-цалевую шыну стандартнага памеру 205/55 R16 мы можам прадаць кліенту ўжо за 240 злотых брута, прычым гэта будзе шына добрай якасці. На рынку вельмі вялікі выбар, і можна купіць шыны па выгаднай цане.
Аднак вялікіх акцый і распродажаў шын з папярэдніх сезонаў таксама няма.
Аўтамеханікі тлумачаць гэта тым, што ў Польшчы з'явілася шмат сучасных складоў і лагістычных цэнтраў, спецыяльна прыстасаваных для захоўвання аўтамабільных шын.
Дзякуючы гэтаму вытворцы і прадаўцы могуць лепш кіраваць запасамі і не мусяць распрадаваць тавар з вялікімі зніжкамі.
А вось сама паслуга замены шын стала даражэйшай.
Кошт залежыць ад некалькіх фактараў: памеру колаў, тыпу аўтамабіля, а таксама ад таго, ці трэба мяняць толькі шыны, ці ўвесь камплект колаў. Значэнне мае і неабходнасць балансавання.
Падрабязнасці тлумачыць Славамір Гвяздоўскі.
— Стандартны камплект памеру 205/55 R16 мы мяняем за 200, 220 або 240 злотых брута, і гэта такі сярэдні кошт у добра абсталяваным сэрвісе. Калі гаворка ідзе пра большыя аўтамабілі, напрыклад пазадарожнікі SUV, дзе дыяметр колаў складае 22 цалі, кошт можа перавысіць 400 злотых. Гэта звязана з тым, што сэрвіс павінен мець абсталяванне, прыстасаванае да вялікіх памераў, ды і праца з такім колам цяжкая. Вось цікавы факт: 18-цалевае кола тыпу Run Flat важыць 38 кілаграмаў. Гэта патрабуе значных фізічных намаганняў, і гэта таксама, сярод іншага, уплывае на кошт.
Нагадаем, што ў Польшчы няма заканадаўчага абавязку мяняць летнія шыны на зімовыя.
Аднак спецыялісты падкрэсліваюць: гэта перадусім пытанне бяспекі.
Пры нізкіх тэмпературах летняя гума губляе эластычнасць, што пагаршае счапленне з дарогай і можа павялічыць тармазны шлях. Таму, нават калі закон не патрабуе сезоннай замены, здаровы сэнс падказвае, што лепш не рызыкаваць.
Выключэнне — аўтамабілі, абсталяваныя якаснымі ўсесезоннымі шынамі, прыдатнымі для адпаведных зімовых умоў.
PR1/яс