Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы — пік сезону замены аўтамабільных шын

10.11.2026 14:15
У аўтасэрвісах цяпер сапраўдны ажыятаж.
Аўдыё
  • Кожны трэці работнік у Польшчы працуе звышурочна без аплаты; Кітайскі гігант інвестуе паўмільярда еўра ў Польшчы; У аўтасэрвісах — пік сезону замены шын на зімовыя
Шынамантажкрыніца: wulkanizacja24h.pl

Cлухайце эфірны выпуск перадачы!


Начныя тэмпературы ў Польшчы ўсё часцей апускаюцца ніжэй за нуль. Гэта азначае, што аўтамабілістам ужо самы час падумаць пра замену летніх шын на зімовыя.

У аўтасэрвісах цяпер сапраўдны ажыятаж. У некаторых майстэрнях чарга на замену шын расцягнулася нават на месяц.

Аднак ёсць і добрая навіна для кіроўцаў: самі шыны ў параўнанні з мінулым годам практычна не падаражэлі.

Пра сітуацыю на рынку расказвае Славамір Гвяздоўскі з «Польскага саюза шынных сэрвісаў».

— У гэтым сезоне шыны ў асноўным не падаражэлі ў параўнанні з мінулым годам ці нават з тым, што было два гады таму. Такую 16-цалевую шыну стандартнага памеру 205/55 R16 мы можам прадаць кліенту ўжо за 240 злотых брута, прычым гэта будзе шына добрай якасці. На рынку вельмі вялікі выбар, і можна купіць шыны па выгаднай цане.

Аднак вялікіх акцый і распродажаў шын з папярэдніх сезонаў таксама няма.

Аўтамеханікі тлумачаць гэта тым, што ў Польшчы з'явілася шмат сучасных складоў і лагістычных цэнтраў, спецыяльна прыстасаваных для захоўвання аўтамабільных шын.

Дзякуючы гэтаму вытворцы і прадаўцы могуць лепш кіраваць запасамі і не мусяць распрадаваць тавар з вялікімі зніжкамі.

А вось сама паслуга замены шын стала даражэйшай.

Кошт залежыць ад некалькіх фактараў: памеру колаў, тыпу аўтамабіля, а таксама ад таго, ці трэба мяняць толькі шыны, ці ўвесь камплект колаў. Значэнне мае і неабходнасць балансавання.

Падрабязнасці тлумачыць Славамір Гвяздоўскі.

— Стандартны камплект памеру 205/55 R16 мы мяняем за 200, 220 або 240 злотых брута, і гэта такі сярэдні кошт у добра абсталяваным сэрвісе. Калі гаворка ідзе пра большыя аўтамабілі, напрыклад пазадарожнікі SUV, дзе дыяметр колаў складае 22 цалі, кошт можа перавысіць 400 злотых. Гэта звязана з тым, што сэрвіс павінен мець абсталяванне, прыстасаванае да вялікіх памераў, ды і праца з такім колам цяжкая. Вось цікавы факт: 18-цалевае кола тыпу Run Flat важыць 38 кілаграмаў. Гэта патрабуе значных фізічных намаганняў, і гэта таксама, сярод іншага, уплывае на кошт.

Нагадаем, што ў Польшчы няма заканадаўчага абавязку мяняць летнія шыны на зімовыя.

Аднак спецыялісты падкрэсліваюць: гэта перадусім пытанне бяспекі. 

Пры нізкіх тэмпературах летняя гума губляе эластычнасць, што пагаршае счапленне з дарогай і можа павялічыць тармазны шлях. Таму, нават калі закон не патрабуе сезоннай замены, здаровы сэнс падказвае, што лепш не рызыкаваць.

Выключэнне — аўтамабілі, абсталяваныя якаснымі ўсесезоннымі шынамі, прыдатнымі для адпаведных зімовых умоў.

PR1/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі