Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Амаль 10 мільёнаў жыхароў Польшчы сутыкаюцца з праблемай транспартнай недаступнасці

24.11.2026 10:17
Амаль кожны трэці жыхар Польшчы сутыкаецца з праблемай транспартнай ізаляцыі, якую даследчыкі называюць таксама транспартнай беднасцю. Пра гэта сведчаць дадзеныя, апублікаваныя ў эканамічным штотыднёвіку Польскага эканамічнага інстытута.
ławka na przystanku autobusowym
ławka na przystanku autobusowym Magda Skawińska

Паводле аналітыкаў, крытэрыям транспартнай недаступнасці адпавядаюць 39% з больш чым васьмі мільёнаў адрасных пунктаў у Польшчы. Гэта азначае, што праблема закранае каля 10 мільёнаў чалавек, або амаль 30% насельніцтва краіны.

Асноўныя праблемы — адсутнасць аўтобусных і чыгуначных зносін, занадта малая колькасць рэйсаў, а таксама неадпаведнасць раскладу руху грамадскага транспарту патрэбам мясцовых жыхароў. Усё гэта істотна ўскладняе магчымасць дабрацца да працы, школы ці медыцынскай установы.

Найбольшыя маштабы транспартная ізаляцыя набывае ў сельскай мясцовасці і за межамі буйных гарадскіх агламерацый. У выніку жыхары гэтых тэрыторый у значнай ступені залежаць ад наяўнасці ўласнага аўтамабіля.

Некаторыя даследчыкі нават гавораць пра феномен вымушанага валодання аўтамабілем.

Гаворка ідзе пра сітуацыю, калі хатняя гаспадарка вымушана несці выдаткі на ўтрыманне машыны не таму, што можа сабе гэта дазволіць ці аддае перавагу такому спосабу перамяшчэння, а таму, што не мае рэальнай транспартнай альтэрнатывы.

У гэтым кантэксце варта прывесці апошнія дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы. У сельскай мясцовасці аўтамабіль маюць 87% хатніх гаспадарак, у той час як у гарадах гэты паказчык складае 68%. Розніца, такім чынам, дасягае 19 працэнтных пунктаў.

З эканамічнага пункту гледжання транспартная ізаляцыя азначае не толькі дадатковыя выдаткі для сямейных бюджэтаў, але і абмежаваны доступ да рынку працы, адукацыі і дзяржаўных паслуг.

Ёсць, аднак, і пазітыўная тэндэнцыя: хоць маштабы транспартнай недаступнасці ў Польшчы па-ранейшаму значныя, яны паступова скарачаюцца.

На фоне іншых еўрапейскіх краін Польшча займае сярэднія пазіцыі.

У краінах Заходняй Еўропы даступнасць грамадскага транспарту ў цэлым лепшая, чым у Польшчы. Горшая сітуацыя назіраецца ў некаторых краінах Паўднёва-Усходняй Еўропы і на Балканах.

Тым не менш праблема па-ранейшаму закранае амаль трэць насельніцтва Польшчы. Нагадаем, у краіне быў прыняты закон, накіраваны на барацьбу з транспартнай ізаляцыяй, аднак яго палажэнні не атрымалі падтрымкі прэзідэнта.

Пашырэнне сеткі грамадскага транспарту, асабліва ў невялікіх населеных пунктах, застаецца адным з важных сацыяльна-эканамічных выклікаў для Польшчы. Бо даступнасць транспарту — гэта не толькі пытанне камфорту, але і ўмова эканамічнай актыўнасці насельніцтва, роўнага доступу да паслуг і развіцця рэгіёнаў.

яс