Варшаўскае метро атрымае 45 новых цягнікоў, паведамляе сталічны партал wawalove.pl. Мэрыя польскай сталіцы падпісала кантракт з чэшскай «Шкодай» на пастаўкі новых складаў падземкі. Польская сталіца за цягнікі заплаціць не ўсю суму – частка фінансавых сродкаў паступіць з фондаў Еўрапейскага Саюза. Новыя цягнікі выйдуць на трасы сталічнага метрапалітэна ў 2021 годзе, а рэалізацыя кантракта завершыцца ў 2022 годзе. Пры гэтым разам з набыццём складаў зменшыцца інтэрвал руху цягнікоў.
Цягнікі «Шкоды» будуць складацца з шасці вагонаў, аднак усе вагоны будуць паміж сабой спалучаныя – гэта значыць, што паміж імі без праблем можна перамяшчацца. Кожны цягнік зможа забраць на борт 1500 пасажыраў.
Мэрыя Варшавы падкрэсліла ў паведамленні, што пры выбары складаў бралася пад увагу энергаашчаднасць транспартных сродкаў. Для прыкладу, пры спыненні складу на станцыі тармазная энергія цягніка назапашваецца ў акумулятары. Гэтую энергію пазней цягнік выкарыстоўвае пры адыходзе са станцыі без забору электрычнасці з сеткі. Агульны кошт кантракта складае 1 млрд 300 тыс. злотых (больш за 304 млн еўра). Да гэтай сумы трэба яшчэ дадаць 23% падатку ПДВ.
вс