Беларуская Служба

У мінулым годзе Польская чыгунка перавезла 355 млн чалавек

02.02.2020 08:03
Гэта на 25 млн пасажыраў больш, чым у 2018 годзе.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne Grand Warszawski/Shutterstock

Упраўленне чыгуначнага транспарта Польшчы апублікавала справаздачу, з якой вынікае, што чыгункай карыстаецца ўсё больш пасажыраў. У 2019 годзе цягнікі ў краіне перавезлі больш 355 млн чалавек. Гэта на 25 млн больш, чым у 2018 годзе, паведамляе партал дзяржаўнага Польскага тэлебачання TVP.

Летась практычна ўсе чыгуначныя перавозчыкі, якія абслугоўваюць рэгіянальныя маршруты, зафіксавалі рост колькасці пасажыраў у параўнанні з годам раней. На цягніках дзяржаўнай фірмы POLREGIO падарожнічала на 7,7 млн (9,4%) чалавек больш, чым у 2018 годзе. Іншая дзяржаўная пасажырская кампанія PKP Intercity, якая абслугоўвае міжгароднія і міжнародныя рэйсы, адзначыла павелічэнне колькасці пасажыраў на 2,7 мільёна чалавек (6%).

За апошні год адзначаны таксама вялікі рост колькасці пасажыраў у чыгуначных перавозчыкаў, якія належаць органам самакіравання. Больш чым у 2018 годзе пасажыраў перавезлі Сілезская чыгунка – на 3,5 млн чалавек; Варшаўская (SKM Warszawa) – на 2,6 млн; Мазавецкая чыгунка – на 2,4 млн; Ніжнесілезская – на 2,4 млн; Вялікапольская – на 1,2 млн.

Упраўленне чыгуначнага транспарту падсумавала таксама рынак грузавых перавозак. У мінулым годзе па чыгунцы было перавезена грузаў на 5% менш, чым годам раней. У гэтым сектары лідарам з'яўляецца дзяржаўная кампанія PKP Cargo, на якую прыходзіцца 40% усяго польскага рынку чыгуначных таварных перавозак. У той жа час Упраўленне чыгуначнага транспарту звяртае ўвагу на рост перавозак, рэалізаваных малымі кампаніямі.

У Польшчы пашыраецца канкурэнцыі ў галіне пасажырскіх чыгуначных перавозак. Два тыдні таму мы паведамлялі па спасылкай на газету Rzeczpospolita, што на польскі рынак уваходзяць прыватныя перавозчыкі з Чэхіі. Так, вазіць польскіх пасажыраў збіраюцца кампаніі Leo Express і RegioJet.

Нядаўна Leo Express атрымаў ад Упраўлення чыгуначнага транспарта Польшчы дазвол на адкрыццё маршрута Прага – Катавіцы – Варшава – Тэрэспаль. Ліцэнзія выдадзеная на пяць гадоў і дазваляе курсіраваць на згаданым маршруце двум парам цягнікоў у дзень (агулам чатыры цягнікі). Адкрыццё згаданай трасы дазволіць за адносна невялікі кошт падарожнічаць з Прагі ў Мінск з перасадкай у Тэрэспалі і Брэсце. Калі чэхі адкрыюць новае спалучэнне, пакуль невядома, таму што кампаніі не хапае цягнікоў. Фірма заказала чыгуначныя склады ў вытворцаў і цяпер чакае паставак.

вс