Нягледзячы на тое, што Расія робіць усё, каб закончыць пракладку газаправода Nord Stream 2, праект змагаецца з чарговымі перашкодамі, каментуе ўкраінскі эксперт у галіне энергетыкі і бяспекі, кіраўнік цэнтра глябалістыкі
«Стратэгія ХХІ» у Кіеве Міхайла Ганчар, а ягоныя словы прыводзіць Dziennik Gazeta Prawna. Паводле яго, апошняе рашэнне нямецкага суда ў справе Nord Stream 2 – гэта добрая навіна для Украіны.
Нагадваем, у сераду Вышэйшы нацыянальны суд у Дзюсельдорфе адхіліў скаргу нямецкага адміністратара газаправода на адмову вызвалення газаправода ад правілаў эксплуатацыі, якія рэгулююцца газавай дырэктывай ЕС.
У ліпені Суд Еўрасаюза адхіліў апеляцыю, пададзеную Германіяй па справе газаправода OPAL – унутранага адгалінавання Nord Stream 1. У выніку «Газпром» можа выкарыстоўваць выключна палову магутнасцяў OPAL.
«На практыцы гэтыя рашэнні азначаюць абмежаванні на выкарыстанне абодвух газаправодаў: замест 110 мільярдаў кубаметраў запланаванай магутнасці можна выкарыстоўваць толькі 65 мільярдаў. У выпадку Nord Stream 1 – гэта 37,5 мільярда кубаметраў у год, а Nord Stream 2 – 27,5 мільярда», – нагадвае Ганчар на партале «Дзеркало тижня». Паводле яго, калі еўрапейскія ўстановы здолеюць прымусіць «Газпром» выконваць згаданыя судовыя рашэнні, Аператар газатранспартнай сістэмы Украіны захавае статус-кво. У сваю чаргу, калі дадаткова ўдасца прымяніць прынцып энергетычнай салідарнасці ў фармаце пагаднення аб энергетычнай супольнасці, то выкарыстанне другой лініі «Турэцкага патоку» на тэрыторыі Еўропы таксама можа быць абмежаванае.
«Калі гэтыя абмежаванні не спрацуюць, гэта будзе азначаць, што на самой справе поўная ўлада ў ЕС – гэта не Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент і не Суд Еўрасаюза, а дзяржаўная кампанія краіны, якая нават членам ЕС не з'яўляецца» – кажа Ганчар.
Паводле яго, на цяперашнім этапе супрацьдзеяння Nord Stream 2 павінны быць створаныя дадатковыя праблемы для «Газпрама». Гаворка ідзе пра ўзбуджэнне ва Украіне антыманапольнага расследавання супраць расійскай кампаніі, паколькі Nord Stream 2 умацоўвае ейнае манапольнае становішча і перашкаджае канкурэнцыі на газавым рынку. Паводле яго, таксама варта прымяніць украінскія санкцыі да аператара Nord Stream 2 AG.
Эксперт таксама нагадвае, што польскае Упраўленне па канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў у кастрычніку 2020 года аштрафавала «Газпром» і пяць іншых кампаній, якія будуюць газаправод. «Такім чынам, нягледзячы на намаганні Расіі любой цаной прабіць «пуцінскую цацку», праект асуджаны на новыя перашкоды», – рэзюмуе ўкраінскі эксперт.
аз