Беларуская Служба

Германія ідзе супраць плыні. Яшчэ тры АЭС будуць спыненыя

05.01.2022 16:23
У трэцім квартале 2021 года 14,2 працэнта нямецкай электраэнергіі выраблялі на АЭС.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Shutterstock/engel.ac

У Германіі павялічваецца вытворчасць электраэнергіі з вугалю, а вытворчасць электраэнергіі з газу памяншаецца, піша Dziennik Gazeta Prawna.

Дзесяць гадоў таму 23 адсоткі электрычнасці ў Германіі выраблялі на АЭС. Усё змянілася пасля катастрофы на японскай Фукусіме 11 сакавіка 2011 года. За ноч урад канцлера Ангелы Меркель прыняў рашэнне не падаўжаць працу дзейных атамных станцый. Федэратыўная Рэспубліка зрабіла стаўку на «зялёную энергію». Цяпер працуюць толькі тры АЭС, але да канца года іх таксама закрыюць.

– Адмова ад атамнай энергетыкі робіць нашу краіну больш бяспечнай і дапамагае перадухіліць утварэнне радыеактыўных адходаў. З 2011 года Германія вызначае мяжу для праблемных тэхналогій. Энергетыка і спажыўцы выйграюць ад прадказальнасці і надзейнасці, – заявіла некалькі дзён таму міністр навакольнага асяроддзя, аховы прыроды і бяспекі ядзерных рэактараў Штэфі Лемке (Steffi Lemke).

Якія сучасныя крыніцы энергіі ў Германіі? У трэцім квартале 2021 года 14,2 працэнта нямецкай электраэнергіі выраблялі на АЭС.

Па дадзеных нямецкага статыстычнага ўпраўлення Destatis, больш за 40 працэнтаў энергія паступіла з аднаўляльных крыніц энергіі, і 56,9 працэнта з неаднаўляльных крыніц, у тым ліку ажно 31,9 працэнта з вугалю. Варта адзначыць, што пры гэтым амаль на 40 працэнтаў скарацілася вытворчасць электраэнергіі з прыроднага газу.

– Надзейнасць электразабеспячэння ў Германіі за апошнія гады вырасла і вельмі высокая ў параўнанні з міжнароднай. На такім высокім узроўні ён застанецца і ў будучыні разам з адыходам ад ядзернай энергетыкі, запэўнівае Міністэрства навакольнага асяроддзя Германіі.

У Германіі па-ранейшаму працуюць вугальныя электрастанцыі, якія, аднак, паводле кааліцыйнай дамовы цяперашняга ўрада, павінны быць хутка закрыты (у аптымальным варыянце да 2030 г.), а таксама газавыя электрастанцыі, якія не выкарыстоўвалі свае вытворчыя магутнасці напоўніцу цягам апошніх месяцаў. Праблема ў цане і даступнасці сыравіны — прыроднага газу.

З пункту гледжання Берліну, няма іншага рашэння, акрамя газавага супрацоўніцтва з Масквой, пра што сведчыць і будаўніцтва газаправода Nord Stream 2. І хоць рашэнне чыноўнікаў аб запуску NS2 павінна быць прынята толькі ў другой палове года ў Германіі павінна быць альтэрнатыўная ідэя атрымання энергіі. І гэта, вядома, будзе не атам. 

вх